Камісавалі з войска, каб памёр удома. 26-гадовы жаўнер памёр ад раку праз год пасля прызыву


Камісавалі з войска, каб памёр удома. 26-гадовы жаўнер з Гарадзеншчыны памёр ад раку страўніка ўсяго праз год пасля прызыву. У армію яго забралі здаровым, сцвярджаюць дактары і вайскоўцы. Хто не дагледзеў хлопца?

На пахаванне Міхаіла Куневіча сабралася ўся вёска. Усю дарогу да могілак сябры неслі труну на руках. У родныя Трашчычы на Гарадзеншчыне хлопец вярнуўся з арміі. З дыягназам рак страўніка 4-й ступені.

«За што я засталася без брата на ўсё жыццё? За што?! Хто меў права так распараджацца, забіраць яго хворага?» – абураецца Марыя Грыцкевіч, сястра памерлага.

У войска хлопца забралі летась у траўні. Падчас службы Міхаіл некалькі разоў трапляў у шпіталь, скардзіўся на боль у страўніку, кажуць родныя. На грунтоўнае абследаванне, якое выявіла рак, хлопца накіравалі толькі ў красавіку. Пасля двух курсаў хіміятэрапіі яго камісавалі ды выправілі дадому – паміраць.

«Зноў ён тэлефануе. «Ну дзе вы? Хутчэй, а то не паспееце». А яны: «Бяжым, Мішачка, бяжым!» Яны прыбеглі, і ў яго ўжо канвульсіі пачаліся», – успамінае бабуля памерлага Таіса Куневіч.

Міхаіла не стала 20 ліпеня. Рак не мог развіцца гэтак хутка – перакананыя родныя. Медкамісія з раённай паліклінікі паставіла дыягназ «годны» хвораму чалавеку, кажа маці Вольга Куневіч:

«У яго зусім дрэнныя аналізы былі да арміі. Яшчэ мая маці, ягоная бабуля, баялася, каб у яго анкалогія якая-небудзь не была. У яго ў тры разы хуткасць асядання эрытрацытаў норму перавышае, лейкацыты хвошчуць! У яго раны не зажывалі, ведаеце? Ён паголіцца ці недзе стукнецца – у яго гнілі раны!»

Да прызыву Міхаіл быў здаровы, а на рак захварэў ужо ў арміі – адказала на скаргу родных пракуратура. Калі так, то ў смерці жаўнера вінаватыя вайскоўцы – кажуць родныя.

«Ну бачылі ўсе, што вагу губляе, што яму дрэнна, што ён скардзіўся. Не ведаю, навошта гэтая армія тады патрэбная! Няўжо яны самі не бацькі – афіцэры гэтыя, сяржанты і лекары?!» – гаворыць бабуля памерлага.

Раённы вайсковы камісарыят – на яго маці, сястра і бабуля ўскладаюць найбольшую адказнасць за гібель Міхаіла.

«Бяруць усіх падрад! Каб іншыя хлопцы не пацярпелі – вось чаго я хачу!» – кажа маці памерлага.

«Мы пастараемся пакараць тых, хто ў гэтым вінаваты. Зарубайку гэтага – хто адпраўляў яго, хто гэтыя аналізы падмяніў», – упэўненая сястра.

Падмяніць вынікі аналізаў, зробленых у больніцы, немагчыма – адказвае Канстанцін Зарубайка, спецыяліст вайсковага камісарыяту, які забіраў Міхаіла ў армію:

«Паднімаюць журнал рэгістрацыі, і вынікі ўсіх аналізаў запісваюць у гэтым журнале. І хто пойдзе на тое, каб гэта падмяніць? […] Якая ў мяне магла быць мэта падмены дакументаў? Ён мне нічога кепскага не зрабіў! Я не ведаў ні яго, ні ягоную сям’ю, ні маці, ні сястру да прызыву. Ён зʼяўляўся на ўсе захады прызыву. Ніколі ніякіх сутычак не было!»

Ці дазваляе здароўе прызыўніку служыць – вырашае камісія з дактароў раённай паліклінікі. Абвінавачванні на адрас медкамісіі не абгрунтаваныя – кажуць у райцэнтры. Намеснік галоўнага доктара Карэліцкай ЦРБ Аляксей Каўцэвіч тлумачыць:

«Абследаванні, аналізы – усё гэта зʼяўляецца доктарскай таямніцай. І вам па тэлефоне я гэтую інфармацыю даць не магу. Пры ўсёй павазе да вас. […] Я ўжо чытаю каментары на сайце газеты «Наша ніва». Пачынаюць медычным працаўнікам выстаўляць прэтэнзіі і абвінавачванні. Нам гэта таксама не падабаецца».

Ці мог рак узнікнуць і развіцца да невылечнай стадыі цягам некалькі месяцаў? Мы запыталіся ў хірурга Уладзіміра Пруднікава:

«Так, ёсць такія гісталагічныя структуры, як недыферэнцыяваны рак, дыфузны рак, плоскаклетачны рак. І гэта датычыць не толькі страўніка, але і іншых органаў – шчытападобнай залозы, скуры, калі пухліны могуць вельмі хутка распаўсюджвацца».

Хто вінаваты ў смерці Міхаіла Куневіча – раённыя медыкі, вайсковы камісарыят, персанал часткі, дзе не заўважылі смяротнай хваробы, або ніхто з іх – можна будзе даведацца толькі пасля праверкі медычных дакументаў. Як кажа хірург Уладзімір Пруднікаў экспертыза зойме не адзін месяц.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Hавiны
«Ён нават прысягу прымаў у шпіталі». Хворы хлопец, якога забралі ў войска, памёр ад раку
2019.07.26 11:44