Калі з’явіцца вакцына ад каронавіруса?

Каронавірус ва ўсім свеце працягвае забіраць здароўе і жыцці людзей. Колькасць інфікаваных імкліва набліжаецца да 5 мільёнаў. Аднак надзея ёсць. На хуткае зʼяўленне ратавальнай вакцыны спадзяюцца ў розных краінах. Чым парадуюць распрацоўшчыкі? Ды калі нарэшце з’явіцца першы свет у канцы каронавіруснага тунэлю?

Пра першыя паспяховыя выпрабаванні на людзях вакцыны ад COVID-19 паведаміла амерыканская кампанія «Moderna». Фінальныя тэсты прэпарату правядуць у ліпені.

«Мы сапраўды з дапамогаю гэтай вакцыны можам выклікаць імунны адказ ува ўсіх, хто яе атрымаў. Гэты імунны адказ генеруе адпаведныя антыцелы, якія нейтралізуюць вірус. Мы можам дасягнуць узроўню антыцелаў, якія назіраюцца ў людзей, інфікаваных SARS-CoV-2, ці нават перавысіць гэты ўзровень», – кажа галоўны доктар кампаніі «Moderna» ТАЛ ЗАКС.

Над стварэннем вакцыны ад каронавіруса працуюць і ў Расеі. Распрацоўнікі мяркуюць, што вытворчасць прэпарату пачнецца ў жніўні, а масавая вакцынацыя – у верасні.

«Уся краіна адначасова не зможа атрымаць, Міністэрства аховы здароўя над гэтым думае, як гэта можна зрабіць, якія магутнасці вызваліць, каб максімальна загрузіць іх вытворчасцю вакцыны», – гаворыць кіраўнік расейскага навукова-даследчага цэнтру Аляксандр Гінцбург.

За апошнія содні ў Расеі выявілі больш за 9 тысячаў новых выпадкаў заражэння. Агульная колькасць інфікаваных каронавірусам з пачатку ўспышкі наблізілася да трохсот тысячаў. Краіна займае другое месца паводле колькасці пацверджаных выпадкаў у свеце пасля Злучаных Штатаў. Тым часам прэзідэнт ЗША Доналд Трамп заклікаў Сусветную арганізацыю здароўя цягам месяца правесці патрабаваныя Вашынгтонам рэформы. Інакш Злучаныя Штаты пагражаюць пакінуць арганізацыю і канчаткова спыніць яе фінансаванне. Адпаведны ліст амерыканскі прэзідэнт скіраваў кіраўніку Сусветнай арганізацыі здароўя Тэдрасу Гебрэесусу:

«Я не магу дазволіць, каб долары амерыканскіх падаткаплатнікаў працягвалі фінансаваць арганізацыю, якая ў сваім цяперашнім стане гэтак відавочна не служыць інтарэсам Амерыкі».

Паводле Трампа, Сусветная арганізацыя здароўя праігнаравала паведамленне пра выбух новага віруса ва Ўу-Хані ў пачатку снежня летась, а таму павінная даказаць сваю незалежнасць ад Кітаю. На сёння ўва ўсім свеце каронавірусам інфікаваныя больш за 4 мільёны 800 тысячаў чалавек. Яго ахвярамі сталі 319 тысячаў. Выздаравелі больш як 1 мільён 800 тысячаў пацыентаў.

З наступствамі пандэміі ды локдаўну змагаецца Італія – адна з найбольш пацярпелых краінаў. Каранцінныя абмежаванні паступова здымаюцца, крамы і бары зноў могуць працаваць, аднак адкрывацца не спяшаюцца. Цэнтр Рыму застаецца пустым.

«Гэта крыху сумна, бо без турыстаў у горадзе менш колераў. Але пакрысе ўсё вернецца, я думаю, праз месяц, можа быць, праз два, усё вернецца да таго, як было», – кажа жыхар Рыму Алессіё Соле.

Іспанія адмяніла забарону на ўезд у краіну з Італіі, што дзеяў з 11 сакавіка. Тым самым аднаўляюцца авіязлучэнні і паездкі марскім транспартам паміж дзвюма краінамі. Аднак тыя, хто ўязджае ў Іспанію, як з Італіі, так і з іншых краінаў, мусяць вытрымаць двухтыднёвую самаізаляцыю.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Глядзі таксама