«Калі гэтую ўладу не баяцца, яна губляе кантроль» – затрыманні актывістаў і збіральнікаў подпісаў

На рост актыўнасці беларусаў улады рэагуюць затрыманнямі. На вуліцы Маякоўскага ў Менску раніцаю людзі ў цывільным на мікрааўтобусе заблакавалі машыну Марыны Адамовіч. Разам з мужам Міколам Статкевічам яны ехалі на Камароўку, дзе ладзіліся пікеты ў падтрыманне ўдзельнікаў выбарчай кампаніі.

«Нас затрымалі на паўшляху, з цёмнага бусіка выскачылі чатыры чалавекі ў цывільным, нічога не прад’яўлялі, проста выцягнулі Статкевіча з машыны і таксама забралі ключы», – распавядае паплечнік Мікалая Статкевіча Аляксандр Паплаўскі, сведка затрымання палітыка.

У РУУС Ленінскага раёну Марына Адамовіч падала заяву пра выкраданне Міколы Статкевіча:

«Я напісала заяву, яны яе зарэгістравалі. І ўсё, сказалі, што будуць тэлефанаваць».

Нічога не паведамляюць пра лёс мужа і Святлане Ціханоўскай. Блогера Сяргея Ціханоўскага затрымалі падчас выбарчага пікету ў Горадні ў пятніцу.

«Мне на гэты момант ніхто з органаў не паведаміў, дзе знаходзіцца мой муж. Я спрабую пра гэта даведацца. Я афіцыйна пра гэта не ведаю. Я яшчэ 29-га заявіла ў першамайскі РУУС пра знікненне чалавека», – кажа Святлана Ціханоўская.

Міліцэйскія машыны з раніцы дзяжурылі і каля дому Міколы Статкевіча і ля дамоў іншых актывістаў у розных мясцовасцях.

«Паведамлялі ў нашых чатах, што людзі не могуць выйсці з дому. Гэтаксама, як і я, – я сыходзіла гародамі», – распавядае ўдзельніца збору подпісаў.

Ля Камароўкі невядомыя затрымалі актывіста маладога фронту Дзяніса Урбановіча. Кіроўцаў, што падтрымлівалі пікетоўцаў сігналамі, штрафавалі супрацоўнікі ДАІ.

«Гэта дробнае паскудства – 0,5 базавых, такая драбяза. «Ды ладна, – я кажу, – зразумеў, але я салідарны з людзьмі, не мог не пасігналіць, бо ўсё ж яны за народ. А вы за каго?» – «Мы таксама за народ». Я кажу: «Ну вось так вось вы за народ», – кажа аштрафаваны кіроўца Алег Шайпак.

Склалі пратаколы і на нашых журналістаў, якія спрабавалі даведацца, чаму штрафуюць кіроўцаў без доказу правапарушэнняў.

Удзельнікі збору подпісаў лічаць, што затрыманні сведчаць пра страх уладаў перад народам:

«Баяцца змены ўлады, яны ўсе там прыкарытныя сядзяць, кожны трымаецца за сваё месца».
«Калі гэтую ўладу не баяцца, яна губляе кантроль».
«Наадварот, не напалохала, наадварот, падняло людзей, дух, вы паглядзіце, што тут робіцца».

Людзі ня толькі крычалі «Ганьба!» міліцыянтам, але і спрабавалі абараніць тых, каго міліцыя затрымлівала.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у розных гарадах Беларусі затрымалі агулам каля 20-ці асобаў, у тым ліку прынамсі тры чалавекі з ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Глядзі таксама