Калі без падарункаў Крамля. Эканамічны прагноз для Беларусі


Праз два гады рост эканомікі Беларусі будзе блізкі да нуля. Сусветны Банк панізіў прагнозы росту ВУП для нашае краіны ды настойліва параіў уладам Беларусі ўзяцца за рэфармаванне эканомікі. Чым адгукнецца ігнараванне рэкамендацыяў?

Напярэдадні сённяшняй канферэнцыі, кіраўнік Сусветнага Банку ў Беларусі Элекс Крэмэр узгадваў Польшчу, якая распачынала структурныя рэформы ў складаны для шэрагу эканомік час, і зрабілася багацейшаю ўжо праз 4 гады. Беларусам раіць:

«Не баяцца, што будзе паўтарэнне 1990-х гадоў. Рэформы можна праводзіць паступова. Галоўнае тут – выбудаваць сістэму сацыяльнай абароны і схему адносна беспрацоўя, каб змена працы людзьмі не апускала іх у стан эканамічнага крызісу».

Да эканамічнага крызісу хутчэй давядзе адсутнасць рынкавых рэформаў… Калі Мінфінансаў па выніках года чакае росту эканомікі на 2,9 %, прагноз Сусветнага банку – удвая менш аптымістычны. Налета аналітыкі банку прадбачаць рост на 0,9 %, а на 2021 год адно на 0,5 %.

Адмыслоўцы лічаць, што ўсё гэта праз пагаршэнне ўмоваў гандлю, праз абмежаваныя магчымасці ў стымуляванні ўнутранага попыту, неэфектыўную працу рэальнага сектару эканомікі. Эканаміст Сусветнага банку ў Беларусі Марына Сідарэнка ўдакладняе:

«Перадусім трэба пераглядаць працу прадпрыемстваў дзяржаўнага сектару, як размяркоўваюцца рэсурсы на прадпрыемствах, якія ў іх стымулы, як наладжанае карпаратыўнае ўпраўленне на дадзеных прадпрыемствах, наколькі эфектыўна яны выкарыстоўваюць рэсурсы, якімі валодаюць».

Станоўчы ўплыў на эканоміку зрабіла лібералізацыя ў 2017-18 гг. умоваў вядзення прыватнага бізнесу. Але сёлета аднаўленне бізнесу аслабілася. Не стае выгадных банкаўскіх крэдытаў. Дзяржава падтрымлівае толькі частку арганізацыяў прыватнага сектару, такіх, як IT-галіна, якая развіваецца ў Свабоднай эканамічнай зоне.

«У будучыні сектары інфармацыі і сувязі не можа быць адзіным драйверам росту, – лічыць Кірыл Гайдук, эканаміст Сусветнага банку ў Беларусі. – Гэта ўносіць сур’ёзны ўнёсак у экспарт, перадусім у экспарт паслуг, але трэба разумець, што ёсць іншыя сектары эканомікі, як сельская гаспадарка, дзе занятасць насельніцтва значна большая, і ўнёсак у ВУП таксама вышэйшы. Таму здароў’е гэтых сектараў мае больш важнае значэнне».

Павышаць канкурэнтаздольнасць дзяржпрадпрыемстваў і такім чынам нарошчваць экспарт, скончыць з невяртальным дзяржаўным крэдытаваннем стратных вытворчасцяў – усё гэта абяцаў рэалізаваць дзейны экспертны ўрад на чале з Сяргеем Румасам. Планавалі 3Д: дэверсіфікацыю, дэцэнтралізацыю і дэбюракратызацыю.

Яраслаў Раманчук, кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса, каментуе:

«Аніводнага прынцыповага з пункту гледжання развіцця інстытутаў рынкавай эканомікі дасягнута не было. Эканамічнай свабоды зрабілася менш, нават паводле рэйтынгу Bloomberg Беларусь апынулася на 49-м месцы, не палепшыўшы пазіцыяў ні па чым, ні па падатках, ні па крэдытах…»

Прагноз Сусветнага Банку не адзіны песімістычны. З падобнымі справаздачамі выступалі Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, Міжнародны Валютны Фонд, ЕАБР, Сбербанк Расеі…

«Ёсць сцэнар, згодна з якім у 2020 годзе мае быць рэцэсія. У апошнія месяцы сёлета прамысловасць ужо падае, затаваранасць складоў складае 66 % супраць 59 % летась. Фінансавы стан буйных і сярэдніх прадпрыемстваў – гэта каля 60 % стратных ці з такою рызыкаю», – дадае Яраслаў Раманчук.

Праз давядзенне Расеяй да сусветных коштаў на нафту для Беларусі, да 2024-га года нашая эканоміка недаатрымае амаль 6 мільярдаў долараў, палічылі ў «Белнафтахіме».

Перамовы аб кампенсаванні гэтых стратаў Менск з Масквою яшчэ вядзе, хоць бюджэт на наступны год прынялі без уліку гэтых грошай. Гэтаксама і Сусветны Банк… эканоміку нашай будучыні аналізаваў без спадзеваў на падарункі з Крамля.

Юлія Цяльпук belsat.eu