Калегі ўзгадваюць Юрыя Зісера


Назаўжды развітаўся з радзімай. Сёння пайшоў з жыцця пасля цяжкой хваробы вядомы прадпрымальнік Юрый Зісер.

У 90-х ён стварыў адну з самых уплывовых кампаніяў беларускага інтэрнэту – «Надзейныя праграмы». У 2000-х з‘явіўся партал «Тут.Бай». Старонку рэгулярна наведваюць амаль дзве траціны беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў.

«Відавочна, што Юрый Анатольевіч быў дастаткова прынцыповым чалавекам і змог цягам 20 гадоў рабіць рэальна незалежны рэсурс. Калі штосьці і было такое схаванае, ціск, пра які мы маглі не ведаць, магчыма, нейкія артыкулы здымаліся і не публікаваліся, то агульная карціна была рэальна незалежнага выдання», – кажа блогер і медыяэксперт Дзяніс Блішч.

Юрый Зісер неаднаразова казаў пра ціск на партал і заклікі яго прадаць. І адным з самых моцных выпрабаванняў апошніх гадоў была гэтак званая справа БелТА. У рэдакцыі адбыўся ператрус, некаторых журналістаў затрымалі. Галоўную рэдактарку аштрафавалі на 300 базавых велічыняў.

«Ён заўсёды дапамагаў, заўсёды падтрымліваў, калі прыгадаць справу БелТА, гэта была падтрымка безумоўная, ён нічога не пытаўся, не было папрокаў ніякіх, ніякіх дрэнных словаў не казаў», – узгадвае галоўнае рэдактарка tut.by Марына Золатава.

«Тут.бай» нязменна лідаруе паводле колькасці наведнікаў сярод усіх навінных рэсурсаў краіны. На другім месцы – «Онлайнер». Яго галоўны рэдактар расказвае, што абмяркоўвалі з Юрыем папраўкі ў Закон аб СМІ на публічнай сустрэчы і прыйшлі да высновы… «Нам трэба аб‘ядноўвацца, каб адстойваць свае правы, правы на шчырую і незалежную журналістыку. І ў гэтым плане фігура Юрыя Анатольевіча Зісера была знакавай. Яго досведу, яго харызмы, яго медыйнай вагі будзе не хапаць», – узгадвае Мікалай Казловіч, галоўны рэдактар ONLINER.BY.

Юрый Зісер таксама актыўна інвеставаў у беларускія стартапы і шмат займаўся дабрачыннасцю. Падтрымліваў папулярызацыю класічнай музыкі, праекты для людзей з інваліднасцю, для бяздомных жывёлінаў, фінансаваў і іншыя сацыяльныя і культурныя праекты.

«Без яго «Social weekend» хутчэй за ўсё не было б, 99,9 %. Было яшчэ вельмі шмат іншых справаў, пра якія ён не асабліва хацеў расказваць, але рабіў. У тым ліку той жа фонд «Добра» – мы рабілі яго на дваіх, і ён бы наўрад ці адбыўся… і шмат-шмат іншых праектаў, якія мы рабілі, і арганы, і іншыя – яны наўрад ці таксама мелі б месца…», – кажа Аляксандр Скрабоўскі, кіраўнік фонду «Добра» і конкурсу «SOCIAL WEEKEND».

Адно са сваіх апошніх ахвяраванняў Юрый Зісер зрабіў у фонд барацьбы з каронавірусам.

«Толькі ідэі, якія нас усіх аб’ядноўваюць, адгукнуцца ў нашых душах і змогуць пераўтварыцца ў жыццё. А для гэтага трэба развіваць супольнасць грамадзянаў, якія самастойна з уласнай ініцыятывы паляпшаюць сваё жыццё і ўсю нашу краіну», – казаў Юры Зісер на святкаванні 100-годдзя БНР. Акурат такім чалавекам быў і ён сам.

Наста Кахановіч, «Белсат»

Фота вокладкі: Дзяніс Дзюба