«Каб не было такой колькасці трупаў». Навошта Беларусі закон «Аб хатнім гвалце»?


Больш за 70 праваабарончых арганізацыяў і дабрачынных фондаў патрабуюць прыняцця ў Расеі закону «Аб хатнім гвалце». У Дзярждуме ўжо прайшло тры дні пленарнага тыдня, а ў павестцы так і не з’явіліся слуханні законапраекту. Беларусь таксама не мае ў Крымінальным Кодэксе артыкулу аб бытавым гвалце. Чаму праблема ёсць, а закону дагэтуль няма?

Толькі некаторыя пацярпелыя распавядаюць пра хатні гвалт. Зазвычай жа баяцца наступстваў і не вераць у дапамогу. Алёна Папова, юрыстка, Масква:

«Калі б у Расеі быў закон «Аб прафілактыцы сямейна-бытавага гвалту», то ахвяры любога полу, узросту, веравызнання, сацыяльнага статусу і даходаў быў бы выдадзены ахоўны ордар. Гэта дакумент, які забараняе гвалтаўніку ўвогуле набліжацца да ахвяры, і тады б не было такой колькасці трупаў».

Згодна з Расейскім статыстычным камітэтам, у краіне 16 млн пацярпелых ад хатняга гвалту – пераважна жанчын і дзяцей. Апроч ордараў для агрэсараў, законапраект дазволіў бы збудаваць сістэму дапамогі пацярпелым, у тым ліку крызісныя цэнтры і прытулкі. У сеціве расейцы падпісваюць петыцыю, а пад адкрытым лістом падпісаліся 73 арганізацыі.

З адкрытага ліста руху «Псіхалогія за правы чалавека»:

«Даследаванні паказваюць, што хатні гвалт існуе ва ўсіх краінах, але яго практыка зніжаецца, як толькі зʼяўляецца закон, накіраваны на прафілактыку і абарону пацярпелых».

Закон аб хатнім гвалце абараняе грамадзянаў 146 краінаў, але не Расеі і не Беларусі. Кожная трэцяя беларуска падвяргаецца фізічнаму гвалту ў сямʼі – цвердзяць актывісткі грамадскага аб’яднання «Радзіслава», якое ўздымае праблемы гендарнага гвалту і мае прытулак для пацярпелых.

Праблема грамадству знаёмая. Усе апытаныя «Белсатам» мінакі ЗА прыняцце закона:

«Ніхто не звернецца. І я не звярталася, у мяне таксама было, а муж быў ваенны, і мне сказалі: «Прабачце, мы не можам, бо ён ваенны».

«Трэба, трэба! Каб не лупілі жонак».

«Яшчэ бяда ў тым, што міліцыя не заўжды адэкватна рэагуе. Маўляў, самі разбяруцца, і не едуць».

«Безумоўна трэба нейкі закон уводзіць і канешне караць. Але як караць – вырашаць не нам, пэўна. Ёсць жа органы іншыя, якія вырашаюць гэтае пытанне», – гавораць жыхары Менску.

Злачынствы, якія трапляюць пад панятак «хатні гвалт», без адпаведнага закону раскіданыя па адміністратыўным і крымінальным кодэксах, а таксама Законе аб прафілактыцы правапарушэнняў.

Аляксандра Савініч, ініцыятыўная група «Маршыруй дзетка»:

«Калі жанчыну збілі першы раз, вялікая імавернасць, што яе мужа забяруць на пару гадзін, а потым ён вернецца дамоў, раззлаваўшыся яшчэ больш за тое, што яна напісала заяву. Найчасцей ім даюць штрафы паводле адміністрацыйнага правапарушэння, якія яны выплачваюць з сямейнага бюджэту, зноў жа – каму гэта трэба?»

Шматлікія жанчыны, пакараныя за забойства, абараняліся ад агрэсіі сваіх блізкіх. У статыстыку пацярпелых ад гвалту яны не трапляюць.Закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту гарантаваў бы абарону пацярпелым і дапамогу агрэсарам. МУС было зацікаўленае ў падрыхтоўцы дакументу, пакуль законапраект не раскрытыкаваў кіраўнік краіны.

Аляксандра Савініч, ініцыятыўная група «Маршыруй дзетка»:

«Верым у тое, што ўжо цяпер ва ўрадзе і МУС ідуць працэсы. І ў цэлым людзі і чыноўнікі, мне падаецца, разумеюць, якія страты, у тым ліку эканамічныя, нясе хатні гвалт».

У цэнтрах падтрымання пацярпелых ад гвалту пакуль спадзяюцца на сябе і просяць звяртацца да іх па дапамогу ў кожную складаную хвіліну.

Юлія Цяльпук belsat.eu