«ІТ-Краіна» створыць 2 мільёны працоўных месцаў


Экспарт нафтапрадуктаў мае перасунуцца на другі план, інтэлектуальны прадукт – на першы, каб зрабіцца візітоўкаю Беларусі. У ІТ-краіне лічбавізацыя і здальная праца абвешчаныя вядучымі трэндамі развіцця эканомікі. Найлепшыя беларускія праекты і свежыя ідэі акумуляваліся ў пяці залах Нацыянальнай бібліятэкі. Адбыўся Форум «ІТ-краіна-2019».

Лічбавізацыя – гэта калі працу выконвае штучны інтэлект. Гэта таксама тэхналогіі 5G, блокчейн, Big Data, дадатковая рэальнасць ды стратэгічнае кіраванне дадзенымі кліентаў. Сёлета Беларусь афіцыйна заявіла пра ўдзел у гонцы тэхналогіяў. Стаўка на айчынны аналаг «Сіліконавай даліны» – Парк высокіх тэхналогіяў.

У сталічным дыяменце сёння сустракаліся прадстаўнікі профільнага бізнесу. Форум «ІТ-Краіна» меў мэтаю спрыяць стварэнню сеткі юрыдычных асобаў колькасцю 100 тысяч, каб у кожнай працавала па 20 асобаў. Гэта 2 млн працоўных месцаў!

Арганізатар форуму Уладзімір Карагін кажа:

«Грошы трэба зарабляць! Мы мусім у бліжэйшы час зрабіць так, каб нашая моладзь зарабляла не менш за € 1500. Гэта мае стацца мэтаваю задачай. Для гэтага трэба ўвайсці ў свет і ўзяць удзел у сусветным раздзяленні працы».

Навучанне і дыстанцыйная праца ў ІТ-галіне для замежных замоўцаў можа таксама прыпыніць адток працоўнай сілы з рэгіёнаў краіны – у сталіцу ці за мяжу, ды працаўладкаванню людзей з інваліднасцю.

«Прывабліванне іхнага інтэлекту, не фізічных магчымасцяў, а інтэлектуальных дазволіць ім уліцца непасрэдна ў нашае грамадства, бо каля 570 тыс грамадзянаў Беларусі – людзі з абмежаванымі ў той ці іншай ступені магчымасцямі», – перакананы валанцёр праекту «ІТ-Краіна» для людзей з інваліднасцю Андрэй Паскін.

ІТ-Краіна мае стацца асноўным драйверам эканамічнага росту Беларусі. Дэкрэт № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі» – вынятковы для планавай айчыннай эканомікі. Парк высокіх тэхналогіяў (які называюць паркам нулявых падаткаў) сёння стварае чвэрць экспарту ўсіх айчынных паслуг, летась на суму $ 2 млрд.

IT-паслугі набываюць 70 краінаў свету. ПВТ у мінулым годзе стварыў 15 % усіх працоўных месцаў у краіне. Цягам двух з паловаю гадоў ІТ-зона пашырылася да 505 суб’ектаў. Усе іхныя прадстаўнікі – удзельнікі сённяшняй канферэнцыі – адзначаюць прагрэс ва ўвядзенні тэхналогіяў у жыццё. Калі казаць пра будучыню, то сузаснавальнік і дырэктар па прадукту стартапу Synpatic Іван Вядзенін мяркуе:

«Галоўная рызыка, што мы можам не паспець. Іншыя краіны робяць гэта хутчэй за нас, а значыць мы можам апынуцца краінаю, якая не паспее зрабіць нешта сваё і нам давядзецца капіяваць».

З дапамогаю медыяў і навучальных праграм да лічбавізацыі рыхтуюць грамадства. Жыхары Менску кажуць:

«Пенсіянерам было б вельмі складана перайсці, бо яны прызвычаіліся камунікаваць з людзьмі і звяртацца па дапамогу».

«Канешне далёка яшчэ да ЗША, Расеі і іншых прасунутых краінаў, але Беларусь мае шанцы».

«Патрэбныя ж грошы, каб усё гэта арганізаваць. А дзе іх узяць? Калі толькі кітайцы дапамогуць».

Была б адпаведная інвестыцыйная ды геапалітыка – прывабіць можна і заходні капітал. Сёння на прысвечаных Беларусі слуханнях у Кангрэсе ЗША Браян Уітмар з Вашынгтонскага Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі згадваў пра такую магчымасць:

«ЗША маглі б інвеставаць у высокатэхналагічны сектар Беларусі, заняўшы нішу, якая ўтварылася пасля скарачэння расейскіх субсідыяў».

Стаўку на інтэлектуальны бізнес кіраўнік Беларусі зрабіў акурат апынуўшыся сам-насам з недалічанымі праз падатковы манеўр Расеі сотнямі мільярдаў долараў. Напрацаваць гэтыя грошы пры кампʼютарах і прасунуць Беларусь у шэраг высокатэхналагічных краінаў – ужо акрэсленая ўрадам стратэгія, якую, як мантру, паўтаралі і на сённяшняй канферэнцыі.

Юлія Цяльпук belsat.eu