Іран не прызнае выпадковы пуск ракет «Тор-М1»


Тэгеран адхіляе абвінавачанні ў тым, што іранская ракета расейскай вытворчасці збіла ўкраінскі «Боінг». Тым часам міжнародныя следчыя ўжо знайшлі вайсковую базу, адкуль зенітная ракета магла быць выпушчаная.

У Канадзе – жалобныя мерапрыемствы. 63 пасажыры «Боінга», які разбіўся пад Тэгеранам, – канадцы, у тым ліку студэнты і выкладчыкі іранскага паходжання, якія вярталіся дадому з канікулаў. Сваякі загінулых маюць права ведаць, што адбылося, заявіў кіраўнік канадскага ўраду Джасцін Трудо:

«У нас ёсць інфармацыя выведкі з шматлікіх крыніцаў, як ад нашых саюзнікаў, так і ад уласнай выведкі. Гэтыя звесткі паказваюць, што самалёт збілі іранскаю ракетай класу «зямля – паветра». Гэта магло адбыцца ненаўмысна».

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Размова пра дзве ракеты, магчыма, запушчаных зенітна-ракетным комплексам «Тор-М1» расейскай вытворчасці. Сістэма «Тор» скіраваная супраць крылатых ракетаў, беспілотнікаў ды іншай авіяцыі і можа збіваць усё, што не пазначана сістэмаю «свой – чужы», у аўтаматычным рэжыме.

«Траплянне ракеты ў самалёт – гэта тое, што кажуць амерыканскія палітыкі. Калі іхная тэорыя заслугоўвае даверу, няхай паведамяць у Міжнародную арганізацыю грамадзянскай авіяцыі», – адхіляе абвінавачанні кіраўнік Арганізацыі грамадзянскай авіяцыі Ірану Алі Абэдзадэг.

Амерыканскія журналісты са спасылкаю на крыніцы ва ўрадзе паведамілі аб магчымым памылковым спрацоўванні сістэмы іранскай супрацьпаветранай абароны. Два ракетныя пускі зафіксавалі амерыканскія спадарожнікі. Аднак афіцыйныя заявы Вашынгтону – вельмі асцярожныя.

«Яны пакажуць «чорную скрыню». Ідэальна, каб Іран аддаў яе кампаніі «Боінг». Але калі аддадуць Францыі ці іншай краіне, гэта таксама будзе някепска», – ухіліўся ад канкрэтных адказаў прэзідэнт ЗША Доналд Трамп.

Пускі ракетаў трапілі на відэа відавочцаў. Міжнародная расследавальная група «Bellingcat» вызначыла тэрыторыю здымкаў: горад Паранд, гэта прадмесце сталіцы на захад ад аэрапорту, адкуль вылятаў рэйс Тэгеран – Кіеў. А зенітны комплекс вёў агонь з сакрэтнай базы IRSG. Адразу пасля катастрофы ў сацыяльных сетках з’явіліся фотаздымкі насавога абцякальніка ракеты, які мясцовы блогер прыняў за частку самалёта. Потым гэтыя здымкі былі выдаленыя. Цяпер адмыслоўцы спраўджваюць іх сапраўднасць.

«Існуе поўная каардынацыя між нашай супрацьпаветранай абаронай ды грамадзянскай авіяцыяй. Персанал грамадзянскай авіяцыі ды вайскоўцы сядзяць побач, таму збіць грамадзянскі самалёт абсалютна немагчыма», – кажа Алі Абэдзадэг.

Адная з версіяў расследавальнікаў: разлік зенітна-ракетнага комплексу «Тор» быў у рэжыме радыёмаўчання і проста не ведаў, што самалёт вылятае не паводле графіку, таму ракеты вылецелі ў аўтаматычным рэжыме.

«Аўстралія атрымала ўласныя выведныя звесткі, аналагічныя тым, пра якія заявілі прэмʼер-міністр Канады і Злучаныя Штаты», – заявіў прэм’ер-міністр Аўстраліі Скот Морысан.

Тое самае пацвердзіла і брытанская выведка.

«Іранскі рэжым мусіць быць адкрыты міжнароднай супольнасці, уключна з доступам да месца катастрофы», – запатрабаваў міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі Домінік Рааб.

На трэці дзень пасля трагедыі афіцыйны Тэгеран запрасіў Нацыянальную раду авіябяспекі ЗША ўзяць удзел у расследаванні. Пасля таго, як на месцы катастрофы адпрацавала цяжкая тэхніка.

«Не так мусіць выглядаць месца катастрофы праз 2 дні пасля выпадку, прычыны якога не вызначаныя», – абурыўся ў Twitter журналіст-расследавальнік, адмысловец Bellingcat Хрыста Грозэў.

Крытыкуюць і версію іранскіх уладаў аб узгаранні адразу двух рухавікоў. На фота і відэа з месца падзення самалёта рухавікі не выглядаюць абгарэлымі.

Яраслаў Сцешык belsat.eu