Іран: масавыя пратэсты і дыпламатычны скандал

Ля будынку амбасады Вялікай Брытаніі ў Тэгеране – пратэст. Яго ўдзельнікі заклікаюць выслаць амбасадара Робэрта Макэйра з краіны:

«Мы тут, каб сказаць што гэтае логвішча шпіянажу, што належыць «старой лісе», мае быць закрытае».

«Старою лісой» удзельнікі пратэсту называюць Вялікую Брытанію, напярэдадні яе амбасадара на некалькі гадзінаў затрымлівалі падчас іншага пратэсту – студэнцкага. Брытанія выказала занепакоенасць у сувязі з затрыманнем амбасадара, сам жа Робэрт Макэйр падкрэслівае, што ў дэманстрацыях не ўдзельнічаў, а сышоў адразу пасля таго, як заяўленая жалобная акцыя ператварылася ў мітынг.

Пратэсты ў Іране: сілавікі выкарысталі спецсродкі, затрыманы брытанскі амбасадар

Пратэсты іранскіх студэнтаў у Тэгеране працягваюцца і сёння. Дэманстранты вінавацяць урад у падмане грамадскасці ў справе збітага ўкраінскага самалёта і патрабуюць адстаўкі вярхоўнага лідара краіны аяталы Алі Хамэнэі.

Пратэсты супраць хлусні пачаліся пасля таго, як адказнасць за катастрофу ўкраінскага самалёта ўзяў на сябе Корпус вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі, паведаміўшы, што «Боінг» збілі праз памылку. Тады гэта афіцыйна прызналі і іранскія ўлады. Перад гэтым цягам некалькіх дзён афіцыйны Іран сцвярджаў, што краіна не мае дачынення да катастрофы.

«Прычына катастрофы нам пакуль не зразумелая. Але як мы ўжо згадвалі, ніводная ракета дакладна не трапляла ў самалёт. Мы мусім высветліць, чаму адбыўся пажар і якая прычына катастрофы», – заяўляў кіраўнік арганізацыі грамадзянскай авіяцыі Ірану Алі Абёззадэ яшчэ пазаўчора.

Іран прызнаўся ў збіцці самалёту. Але віну ўсклаў на ЗША

Пратэсты іранскіх студэнтаў падтрымаў Доналд Трамп пастом у сваім «Тўітэры», прадубляваўшы англійскамоўны тэкст на фарсі:

«Адважнаму і шматпакутнаму народу Ірану: я падтрымліваю вас з самага пачатку свайго прэзідэнцтва, і мая адміністрацыя будзе надалей падтрымліваць вас. Мы ўважліва сочым за вашымі пратэстамі. Вашая смеласць натхняе».

Сённяшнія пратэсты ў Тэгеране не моцна адрозніваюцца ад усіх тых, што адбываліся ў Іране цягам апошняга дзесяцігоддзя, лічыць адмыслоўца ў нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін:

«З 2017-га да пачатку 2020-га ў Іране адбылося каля 4500 масавых выступленняў. З іх каля 260 насілі палітычнае афармленне. Але ўсе гэтыя выступы былі даволі разрозненыя, ім відавочна бракавала адзінай ідэі і адзінай арганізацыі».

Іран папрасіў прабачэння ўва Украіны і гатовы выканаць усе яе ўмовы

Адмыслоўца мяркуе, што шматлікія пратэсты на тле пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў Іране разгойдваюць аўтарытарны рэжым і з часам могуць прывесці да стварэння новай палітычнай сілы і зменаў у краіне.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Глядзі таксама