Інвестараў не цікавяць гарадзенскія гістарычныя будынкі


На пакупку гістарычных будынкаў у Горадні адсутнічае попыт. Некаторыя абʼекты ўлады гораду не могуць прадаць вось ужо некалькі год, драўляныя пабудовы ўвогуле знішчаюцца, замест аднаўлення ці продажу. У чым прычына?

Учора ў Горадні ў чарговы раз не адбыўся аўкцыён па продажу комплексу будынкаў былога Гарадзенскага піўзаводу. Абʼектам цікавіўся буйны польскі інвестар «Royal hotel», кошт комплексу складаў 1 мільён 300 тысяч беларускіх рублёў. Пасля пажару на піўзаводзе ў траўні 2017 гэта была другая спроба прадаць будынак. Акрамя былога піўзаводу, ня першы год не могуць знайсці гаспадароў унесеныя ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Дом афіцэраў, будынак былой медыцынскай акадэміі, драўляныя дамы ў раёне Новы свет. Дык чаму ж?

«Гэта па-першае вялікая адказнасць, па-другое гэта вялікая бюракратычная праца, бо трэба перапісвацца з міністэрствам культуры, трэба на ўсё атрымоўваць дазвол, трэба шукаць навуковага кіраўніка, які мае права кіраваць працэсамі, звязанымі з рэканструкцыяй гісторыка-культурнай каштоўнасці» – распавядае гісторык Таццяна Касатая-Герасюк.

Згодна заканадаўству, гэтыя будынкі патрэбна аднаўляць адпаведна гістарычнаму выгляду. А выконваць працы павінны адмыслоўцы, што безумоўна патрабуе вялікіх фінансавых выдаткаў з боку інвестара. Краязнаўца і экскурсавод Ігар Лапеха дзеліцца сваім меркаваннем:

«Можна звязацца толькі выключна з-за таго, што ў цябе нейкія патрыятычныя ёсць пачуцці да гэтага і што гэта гістарычнасць можа прынесці нейкую звышпрыбыль».

Гарадскія ўлады паступова зніжаюць кошты на гістарычныя будынкі, той жа былы піўзавод яшчэ год таму каштаваў удвая даражэй, аднак, і гэта не прываблівае пакупнікоў. З драўлянымі гістарычнымі будынкамі ўсё значна горш, іх нават не ўносяць у спіс гісторыка-культурнай спадчыны, таму яны знішчаюцца.

«Прасцей забудоўшчыку гэта зрабіць, знесці і пабудаваць новы, таму што гэта будзе нашмат танней, чым захаваць драўляны абʼект. Бо дрэва гэта такі абʼект, які патрабуе і матэрыяльных укладанняў, і па-другое пастаяннага-пастаяннага клопату» – рэзюмуе гісторык Касатая-Герасюк.

Апытаныя гарадзенцы адмоўна рэагуюць на такое стаўленне да гістарычных будынкаў:

«Заўсёды вельмі шкада, калі яны руйнуюцца, хочацца рэстаўраваць, калі гэта гістарычныя будынкі»,

«Ці самім укладваць грошы ў аднаўленне такіх будынкаў, ці даць такое права прыватнікам»,

«Прадаць адным словам»,

«Я лічу што іх трэба рэканструяваць і вяртаць першапачатковы выгляд».

26 сакавіка мусіць адбыцца першы аўкцыён па продажы дому Варашыльскіх, былога будынка скурдыспансэру, што па вуліцы Васілька, 10. У будоўлі з канца 19 стагоддзя развальваецца фасад, даўно выцвіла фарба, адвальваецца тынк. Яго спадзяюцца прадаць за 1 мільён 400 тысяч беларускіх рублёў. У эксплуатацыю будынак новы ўладальнік мусіць увесці на працягу 4 год. Улічваючы папярэдні вопыт, кошт і стан будынку, хутчэй за ўсё, спіс неліквідных гістарычных будынкаў пашырыцца.

Мікола Дзямідаў, «Белсат»