Інтэграцыя – ці ёсць надзея?


Акцыі супраць інтэграцыі не спынілі ўзгаднення трыццаці з трыццаці адной гэтак званай дарожнай мапы. Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў упэўненыя, што спыняць пратэсты нельга, бо далей можа стаць позна.

Павел Севярынец, лідар БХД зазначае:

«Акцыі пратэсту пакліканыя абудзіць беларускі народ. Толькі абуджаны беларускі народ, сотні тысячаў беларусаў здольныя спыніць гэтае паглынанне, калі людзей застанецца некалькі тысячаў – гэтага недастаткова, трэба, каб выходзіла больш».

Павел падкрэслівае, што 25 і 26 снежня будуць праведзеныя мазгавыя штурмы адносна тактыкі ды стратэгіі на далейшыя пратэсты і называе дату чарговай акцыі пратэсту – апошняя нядзеля 2019 года. Іншыя праціўнікі яднання з Расеяй мяркуюць, што стратэгію варта было вызначаць значна раней. Бо выглядае на тое, што па тым жа расейскім баку – усё распланаванае на некалькі крокаў наперад.

«Распрацаваныя дарожныя мапы – невыканальныя, таму як толькі стане зразумела, што яны невыканальныя, то Расея прапануе проста перайсці на расейскія законы, нормы і на расейскую валюту», – падкрэслівае метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Ён спадзяецца, што Мядзведзеў проста паспяшаўся агучыць такую стратэгію, якую можна было пачуць пры канцы 2020-га года, ужо сёлета. Тым часам на менскіх вуліцах ахвотных яднацца з Расеяй знайсці не проста.

«Вядома, Расея нас прыціскае: то малочка ёй не падабаецца, то мяса не падабаецца, то нафта не падабаецца. І ўсё гэта для таго, каб схіліць наш урад да гэтай інтэграцыі, але я так думаю, што гэтага не дапусцім».

«Мне падаецца, што мы яшчэ не гатовыя да такіх рэчаў, як інтэграцыя, і гэта не вельмі добра адаб’ецца на нас».

«У плане эканамічным, я так разумею, усё да гэтага і ідзе, што больш шчыльная будзе супраца. А ў палітычным плане, чаго так баяцца ўсе людзі, я думаю, там усё спакойна».

«Не дай бог! Навошта яна нам? Мы цудоўна без іх абыдземся, я думаю», – кажуць жыхары Менску.

Ці абыдуцца яны без нас – магчыма, даведаемся ўжо да канца гэтага тыдня. Як заанансаваў учора першы віцэ-прэм’ер Дзмітрый Крутой, апошнія пытанні аб інтэграцыйным пакеце будуць развязаныя не пазней, як праз тры дні.

Марыя Арцыбашава belsat.eu