Ігар Шуневіч у «цукровай справе». Экс-міністр схаваўся ці яго схавалі?

Усё больш незалежных беларускіх медыяў паведамляюць пра імавернае затрыманне Ігара Шуневіча. Паводле неафіцыйных звестак, яго затрымалі па «цукровай справе» у якасці падазраванага або сведкі карупцыйных схемаў. Следчы камітэт і КДБ не даюць аніякіх каментароў, у Міністэрстве ўнутраных справаў сцвярджаюць, што пра знаходжанне былога шэфа – нічога не ведаюць.

Дзе Ігар Шуневіч? Ганяе з расейскімі байкерамі? З‘ехаў на фестываль рэканструктараў НКВД? Ці сядзіць у Следчым ізалятары КДБ? Дакладна невядома. Крыніцы парталу Onliner.by паведамляюць, што Шуневіч звязаны з «цукровай справай», але інфармацыя неафіцыйная. Сам экс-міністр, які раней так любіў выказвацца і пра сексуальныя меншасці, і пра наркаманію, не з’яўляецца на публіцы. Журналісты «Нашай Нівы» ездзілі ў Дразды-2. Кажуць, у катэджы Шуневіча хтосьці быў, але ніхто не выйшаў.

«Я мяркую, што хутчэй за ўсё ён затрыманы, Шуневіч, і цяпер вырашаюць пытанне, якія ён дае паказанні. Або ён распавядае схему па цукровай справе, або сведка па абвінавачанні Ціхіні», – кажа кіраўнік Цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак.

Беларусь страціла расейскі рынак цукру. Самае галоўнае ў «цукровай справе»

Уладзімір Ціхіня – намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Раней міліцэйская прэса называла яго галоўным змагаром з расейскімі «ворами в законе», а цяпер яго распрацоўваюць як фігуранта «цукровай справы». Калі злоўжыванне мела месца, унутраная служба бяспекі МУС не магла не выйсці на ўдзел міліцэйскага начальніка ў шматмільённых схемах, мяркуе былы следчы Алег Волчак:

«Канешне, ён мусіў узгадняць ці пад кантролем кагосьці быць, прынамсі, намесніка міністра або самога міністра. Так званая «крыша».

Уласна, першы намеснік экс-міністра Ігар Падгурскі быў вызвалены з пасады 30 студзеня. Вядома, што ў «цукровай справе» затрыманыя кіраўнік Беларускай цукровай кампаніі, пара расейскіх бізнесоўцаў і 4 кіраўнікі ўсіх цукровых камбінатаў і заводаў. Хоць следства яшчэ ідзе, дзяржаўнае тэлебачанне ўжо зняло і паказала спецрэпартаж, дзе фігурантаў без суда называюць злачынцамі.

КДБ прадэманстраваў, як дырэктары цукровых прадпрыемстваў бралі грошы

«Дырэктар Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіл Крыштаповіч прапанаваў прадстаўніку расейскіх камерцыйных структураў Кананенка і дырэктару БЦК Кірылаву арганізаваць у Беларусі бізнес па вытворчасці ўпаковак для цукру», – распавёў у спецрэпартажы БТ «Сахарная мафия» начальнік аддзелу следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак.

Міхаіл Крыштаповіч, паводле незалежных медыяў, быў блізкім сябрам Ігара Шуневіча. Як заяўляюць следчыя КДБ, цукровыя дырэктары скарысталіся дзяржаўным умяшаннем у цэны, калі беларускі цукар у Расеі каштаваў менш, чым на радзіме. Сярод іншага, яны нібыта праз пасярэднікаў перафасоўвалі беларускі цукар і прадавалі як замежны, атрымліваючы хабары. І мелі аператыўную інфармацыю ад Уладзіміра Ціхіні пра следчыя дзеянні – таксама за хабар.

Самалёт «Белавіі» з кіраўнікамі цукровых заводаў вярнулі на загад Лукашэнкі

«Калі тую ж самую міліцыю прымушаюць пакрываць фальсіфікатараў на выбарах, і яны разумеюць, што гэта злачынства, і ўсё роўна робяць, то чаму б ім не пакрываць іншых злачынцаў, і браць за гэта грошы ва ўласныя кішэні?» – каментуе старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч.

Як мяркуе Юрый Губарэвіч, карупцыйныя схемы створаныя самой сістэмай: з непразрыстым утварэннем коштаў, умяшаннем дзяржавы ў бізнес і няроўнымі ўмовамі бізнесу для беларусаў і расейцаў:

«Набліжаюцца прэзідэнцкія выбары. Значыць, трэба рабіць пастановачнае шоу. Перыядычна ў гісторыі Беларусі гэта рабілася ў іншых сферах. Знаходзяцца вінаватыя, асабліва ў тых тэмах, якія хвалююць грамадства: рост коштаў».

Лукашэнка распавёў, за што арыштавалі кіраўнікоў цукровых заводаў

2 гады таму выбухнула «справа медыкаў» аб карупцыі, калі па тэлебачанні таксама паказвалі затрыманых чыноўнікаў, катэджы, пачкі грошай. Праўда, ані лекі, ані медычныя паслугі ў выніку паказальных судоў таннейшымі не сталі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»

Глядзі таксама