Іерархі РПЦ у Менску будуць вызначацца з рэакцыяй на рашэнне Канстанцінопалю ў справе Украінскай царквы


Упершыню ў гісторыі Расейскай праваслаўнай царквы, Святы Сінод правядзе паседжанне ў беларускай сталіцы. Патрыярх Кірыл ужо ў Менску праводзіць Усяночную службу ў кафедральным саборы. Заўтра – чарговыя малітоўныя імпрэзы, і ўжо ў панядзелак іерархі РПЦ будуць вызначацца з рэакцыяй на нядаўняе рашэнне Канстанцінопалю аб магчымым наданні аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царкве.

Рашэнне аб правядзенні высокага царкоўнага паседжання ў Менску было прынятае яшчэ ў сакавіку. Аднак на фоне магчымага разжэнства Украінскай Царквы з РПЦ, сінод выглядае надзвычайным і антыкрызісным паседжаннем. Пра гэта заявіў і кіраўнік РПЦ, адразу па прылёце ў нашую сталіцу:

«Нам давядзецца вырашыць процьму важных пытанняў, у тым ліку адрэагаваць і на тое, што сёння адбываецца ў сям’і праваслаўных цэркваў – на тую сітуацыю, што ствараецца ва Украіне. Я спадзяюся, што праваслаўная царква знойдзе ў сабе сілы пераадолець тыя крызісныя з’явы».

Увечары ў чацвер Усяленскі патрыярхат пастанавіў зняць анафему з непрызнаваных Маскоўскім патрыярхатам лідараў Кіеўскага Патрыярхату і Украінскай аўтакефальнай царквы. Вярнуўшы іх ва ўлОнне царквы, Канстанцінопаль назвАў анексіяй падпарадкаванне Кіеўскай Метраполіі Маскве ў 1686 годзе, ды абвесціў што можа надаць Томас – дазвол на аўтакефалію адзінай памеснай украінскай праваслаўнай царквы. І гэта адкрывае новыя магчымасці для царквы беларускай.

«Калі Украіна атрымае аўтакефалію, можа пайсці ланцуговая рэакцыя. Я ўжо чуў заявы шэрагу беларускіх святароў, наконт таго, што Беларусь уваходзіла ў той час у Кіеўскую метраполію, і таму таксама можа прэтэндаваць на атрыманне аўтакефаліі – падобныя ідэі вітаюць таксама ў Малдове», – кажа рэлігіявед Аляксандр Саган.

Толькі адзінкавыя апытаныя намі вернікі сталічнай царквы Іконы Божай Маці Усіх Тужлівых Радасць падтрымалі аўтакефалію ўва Украіне:

«Разлад – ён ніколі да дабра не даводзіць».

«Трэба быць усім разам, а не так…»

«Гэта іхнае рашэнне і права – я вельмі спакойна да гэтага стаўлюся».

«Гэта не правільна, бо царква адзіная і Бог адзін».

Чакаецца, што ў панядзелак Сінод РПЦ прыме рашэнне аб разарванні сувязяў з Канстанцінопалем, а гэта будзе азначаць, што і Беларуская праваслаўная царква будзе вымушаная далучЫцца да самаізаляцыі РПЦ ад рэшты праваслаўнага свету. Беларускія адмыслоўцы мяркуюць, што пра ўласную аўтакефалію на гэты момант няма чаго і разважаць.

«Акрамя імпульсу ў медыях, сацсетках, магчыма, у экспертных суполках, ніякага імпульсу я не чакаю, бо ў Беларусі, у адрозненне ад Украіны, няма сурʼёзнага руху – як ува Украіне ёсць аўтакефальная праваслаўная царква», мяркуе Наталля Кутузава з Акадэміі навук Беларусі.

Не толькі Маскоўскі патрыярхат абураецца рашэннем Канстанцінопаля. Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, цытата, «Расея будзе бараніць інтарэсы праваслаўных, як бароніць і інтарэсы расейскамоўных». Відавочна, маюцца на ўвазе толькі «свае» праваслаўныя.

«Відавочна, што гэта пагроза – як яны »выратоўвалі« расейскамоўных калісьці ўва Украіне, таксама і могуць выкарыстаць гэтую нагоду, каб зноў ціснуць на Украіну, не дай Бог, каб узброенымі сіламі», кажа філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Сітуацыя адзінства і незалежнасці Украінскай праваслаўнай царквы ўжо абмяркоўвалася на паседжанні Савету бяспекі Расеі. Там гэта назвалі «правакацыяй, што падтрымліваецца ЗША».

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»