«Ідзе прыкрыццё лекараў». СК адмовіў маці памерлага жаўнера у праверцы прызыўной камісіі


Следчы камітэт адмовіў маці Міхаіла Куневіча ў праверцы прызыўной камісіі ваенкамату, бо смяротнае анкалагічнае захворванне, паводле чыноўнікаў, развілося падчас тэрміновай службы. Дзяржаўныя лекары праігнаравалі прыкметы хваробы, і ў выніку Міхаіла камісавалі з войска, калі было позна.

Кропка не пастаўленая. Карэліцкая міліцыя спрабуе зноў разабрацца ў смерці 26-гадовага прызыўніка Міхаіла Куневіча, якога пасля 11 месяцаў службы камісавалі з дыягназам рак страўніка 4-е ступені.

«Сёння я зноў пісала паўторнае тлумачэнне, сённяшняй датай завялі крымінальную справу, як мне патлумачылі. (…) Сказаў начальнік міліцыі, што яшчэ апытае анколага і аддасць назад у Следчы камітэт», – кажа маці памерлага жаўнера Вольга Куневіч.

Раней Карэліцкі аддзел Следчага камітэту сцвердзіў, што не будзе правяраць медычнай дакументацыі Міхаіла Куневіча на прадмет фальсіфікацыі:

«Падставаў для правядзення правярання Карэліцкім РАСК няма, бо падчас раней праведзеных правяранняў па зваротах заяўніцы дакладна ўстаноўлена, што хвароба атрыманая ў перыяд вайсковай службы», – было напісана ў адказе начальніка Карэліцкага РАСК падпалкоўніка А. Ярынскага.

Як раней тлумачыў нам хірург Уладзімір Пруднікаў, рак страўніка 4-ае ступені сапраўды мог развіцца падчас службы ў войску, але для высвятлення справы правяранне неабходнае:

«Што ў гэты час менавіта рабіла камісія, якія былі вынікі даследаванняў – гэта можна меркаваць толькі прагледзеўшы медычную дакументацыю, медычную карту прызыўніка, амбулаторную карту».

Настойваў на расследаванні і сам Міхаіл Куневіч, незадоўга да смерці, кажа бабуля памерлага Таісія Куневіч:

«Ён яшчэ калі жывы быў, ён сказаў, што трэба расследаваць, трэба падаваць недзе. Ён сам спадзяваўся, што яго пачуюць, што ёсць усё ж такі вінаватыя. Але не паспеў».

«Адзінае, што я сабе не магу прабачыць, што мы пачалі ўсю гэтую валакіту, скаргі, як ён захварэў, трэба было проста канфіскаваць карткі. Любымі шляхамі забраць карткі яго са шпіталю, каб яны нам далі на рукі, прыдумаць што-небудзь, і паздымаць прынамсі копіі. Бо я ўпэўненая, што там усё чыста», – адзначае маці памерлага Вольга Куневіч.

Родныя абвінавачваюць прызыўную камісію і ваенкамат, якія прызналі хлопца прыдатным для службы. Чаму Следчы камітэт не хоча спраўдзіць гэтай інфармацыі, мы намагаліся спытаць у афіцыйнага прадстаўніка СК па Гарадзенскай вобласці Сяргея Шаршаневіча, аднак на нашыя званкі ў розныя гадзіны працоўнага часу ён гэтак і не адказаў.

«Мы гаворым пра кваліфікацыю лекараў, якія прысутнічаюць на прызыўных камісіях. Там усё фармальна ідзе, ніхто ў гэтыя паперы не ўнікае, мы бачым, ніякай адказнасці не нясуць, і проста ідзе прыкрыццё лекараў прызыўное камісіі», – мяркуе Алег Волчак, кіраўнік «Прававой дапамогі насельніцтву».

Ваенкамат усе абвінавачанні адкідае.

«Якая ў мяне магла быць мэта падмены дакументаў? Ён мне нічога кепскага не зрабіў!», – казаў нам раней спецыяліст Карэліцкага раённага ваенкамату Канстанцін Зарубайка.

У мясцовай паліклініцы спаслаліся на лекарскую таямніцу. Аднавяскоўцы Міхаіла цвердзяць, што вінаватых мусяць пакараць:

«Хтосьці мае адказваць, што ён так хутка памёр».

«Гэта іхная справа, дзяржаўная справа, не нашая справа».

«Як так магло атрымацца, што чацвёртая ступень у дзіцяці, ён не есць, дрэнна пачуваецца, а ніхто не звяртаў на гэта ніякай увагі. Значыць, не глядзяць за жаўнерамі».

«Не мог у войску такое атрымаць захворванне. Гэта адназначна. Ён проста недзе быў недаабследаваны да войска. Ім трэба, груба кажучы, браць пагалоўе, яны ўзялі».

Родныя Міхаіла Куневіча абяцаюць ісці да канца. Пакуль што яны чакаюць новай рэакцыі Следчага камітэту.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»