«І суседзі нашыя падрываліся, і пацярпелыя ёсць…» Брытанцы і жыхары Данбасу разам ачышчаюць украінскую зямлю ад мінаў

Вайна ў Данбасе – гэта не толькі разбураныя гарады, заводы і больш як паўтара мільёна людзей, якія назаўсёды пакінулі свае дамы. Гэта яшчэ і сотні гектараў зямель, забруджаных смертаносным металам. Расейска-ўкраінскі канфлікт трымае сумнае першынство ў выкарыстанні супрацьтранспартных мінаў. Пра тое, якіх высілкаў каштуе ачысціць ад іх украінскую зямлю, распавядзе Аляксандр Папко.

На гэтым полі не сеялі ўжо пяць гадоў. Яно замінаванае. Праз міны ад пачатку вайны ў Данбасе загінулі каля дзвюх тысяч чалавек – кожная пятая ахвяра гэтага канфлікту. З-за мінаў мясцовыя гаспадаркі страцілі сотні гектараў урадлівае зямлі. А гэта – адна з нешматлікіх крыніцаў заробку для жыхароў прыфрантавых тэрыторыяў.

«Няма магчымасцяў апрацоўваць. Гэта цяпер «Гэйла Траст» зайшоў з мэтай праверкі палёў і выяўлення там выбухованебяспечных прадметаў. У нас ужо былі прэцэдэнты – і суседзі нашыя падрываліся, і тэхніка пашкоджвалася, ёсць і пацярпелыя», – распавядае Сяргей Мандзюк, ААТ «Усход-Агра».

Брытанскі фонд «Гэйла Траст» – найбуйнейшая міжнародная арганізацыя, якая займаецца гуманітарным размініраваннем у Данбасе. У зоне канфлікту працуюць больш за 400 чалавек. Каардынатар аперацыі «HALO Trust» Тоўбі Робінсан тлумачыць:

«Колькасць ахвяраў скарачаецца дзякуючы інфармаванню, размініраванню тэрыторыяў, асветніцкім праектам і дэмаркацыі мінных палёў. Прагрэс ёсць, аднак падрывы на мінах адбываюцца кожны месяц».

Служба надзвычайных сітуацыяў або вайскоўцы размініруюць асобны ўчастак зямлі толькі тады, калі хтосьці выпадкова знойдзе боепрыпас. Дэмінёры «HALO Trust» ды іншых гуманітарных фондаў ачышчаюць палі метадычна і цалкам. Дэмінёры пачынаюць і заканчваюць працу на каманду кіраўніка групы.

ТМ-62 – супрацьтанкавая міна. 7 кілаграмаў тратылу. Масавым выкарыстаннем такіх мінаў якраз вылучаецца данбаскі канфлікт. Гэтыя міны знаходзяць пры дапамозе рамачнага мінашукальніка. Гэта адносна хуткая працэдура. Калі ж на ўчастку ёсць рызыка сустрэць гранату на расцяжцы або міну-пастку, то зямлю прашчупваюць літаральна сантыметр за сантыметрам.

«Дэмінёр-пачатковец праходзіць два-тры метры за дзень. Чалавек, які папрацуе прынамсі паўгода, праходзіць 10-16 метраў максімум», – кажа кіраўнік групы размініравання Дзмітрый Хаменка.

Большасць з тых, хто працуе на гэтых палях, – жыхары Данбасу.

«Я маю малое дзіця, і я хачу, каб яна гуляла спакойна, не баялася схадзіць са мной у лес, кветачкі пазбіраць», – гаворыць дэмінёр Максім Васільчук.

У холад і дождж працуюць як мужчыны, так і жанчыны. У камандзе размініравання іх каля 50. Намесніца начальніка групы размініравання Таццяна Шманіна распавядае:

«Гэта справа звычкі. Спартоўцам таксама цяжка да нагрузкі прызвычайвацца. Я дзяўчына, мне гэта цалкам па сілах. Спраўляемся!»

За тры з паловай гады працы ўкраінскае аддзяленне фонду «HALO Trust» ачысціла ад мінаў 360 гектараў палёў і абясшкодзіла каля дзвюх тысяч выбухованебяспечных прадметаў. Прэс-афіцэр фонду «HALO Trust» Марына Лантух расказвае:

«Гэта дэтанатары, мінамётныя міны, боепрыпасы, што не выбухнулі. Таксама мы знаходзілі вялікую колькасць супрацьтранспартных мінаў, меншую колькасць супрацьпяхотных мінаў, ну і боепрыпасаў малога калібру, зразумела, таксама было шмат».

Каб ачысціць гэтае поле, дэмінёры выдаткуюць паўгода. На тое, каб пазбавіць ад смяротна небяспечных напамінаў пра вайну толькі «спакойныя» тэрыторыі Данбасу, пры сучасных тэмпах размініравання спатрэбіцца не менш за 10 гадоў.

Аляксандр Папко, Аляксандр Баразенка, belsat.eu

Глядзі таксама