Хто падтрымае санаторыі?

Блакітнае сэрца краіны апусцела. Гаворка пра найвялікшае беларускае возера – Нарач, і шматлікія санаторыі ды базы адпачынку на ягоных берагах. У некаторых, як у «Нарачанскім беразе», людзей зусім не відаць, у іншых наведнікаў стала менш напалову.

«Госці з Расеі ды Прыбалтыкі не прыехалі, з аб’ектыўных прычынаў. Калі параўноўваць з мінулым годам, то ў нас была палова замежнікаў і палова беларусаў. Таму спадзяемся, што нашыя грамадзяне актывізуюцца», – кажа Сяргей Нехвядовіч, кіраўнік аддзелу маркетынгу санаторыю «Прыазёрны».

Падобная сітуацыя не толькі тут, але ва ўсёй краіне. Замежнікі тысячамі анулююць пуцёўкі. У адным толькі Бабруйскім санаторыі імя Леніна – 300 адмоваў. Ягоны галоўны доктар у каментары «Вячэрняму Бабруйску» не хавае – вымушаныя закрыць частку карпусоў і перавесці персанал на палову стаўкі. Адным лячэбніцам удаецца ратаваць сітуацыю тэндарамі з беларускімі прадпрыемствамі, іншыя пераходзяць на рэжым выжывання. Прывабіць турыстаў падчас эпідэміі магло б толькі радыкальнае зніжэнне коштаў на адпачынак, але знізіць іх можна толькі тады, калі турыстаў будзе шмат.

«Ёсць рабочыя, якія павінныя атрымліваць заробак, ёсць энергавыдаткі, ёсць выдаткі на харчаванне. І чым менш людзей, тым большы сабекошт. Адная справа – лічыць сабекошт пры загрузцы 100 %, а зусім іншая пры 50 %», – дадае Сяргей Нехвядовіч.

Пакуль межы закрытыя і нельга выправіцца на мора, у Егіпет ці Турцыю, частка беларусаў можа выбраць месцы з дэмакратычнымі коштамі – як, напрыклад, санаторый «Журавушка». 550 рублёў з асобы, на 12 дзён з лячэннем – неблагая альтэрнатыва. Цяжэй будзе знайсці кліентаў такім санаторыям, як «Прыазёрны», з коштамі пад 1000 рублёў за дзесяць дзён адпачынку. Меркаванні жыхароў Берасця:

«Нават ня ведаю… 80 рублёў… шведскі стол… як гэта на долары пералічыць? Для нас гэта дорага».

«Дорага, я за свой заробак не магу дазволіць – я таксама медык».

«З маім заробкам я нікуды не паеду. Буду чакаць, пакуль на працы мне прапануюць пуцёўку за дзяржаўны кошт. То бок, каб часткова плаціў прафсаюз, часткова – я».

Але калі беларусы не паедуць у санаторыі, то і так прафінансуюць іх са сваіх кішэняў. Большасць такіх здраўніцаў уваходзіць у структуры дзяржаўных кампаніяў, якія фінансуюцца непасрэдна з бюджэту. Гэтак, той жа «Прыазёрны» прыпісаны да Упраўлення справамі прэзідэнта, а «Журавушка» – на балансе Менгарвыканкаму. Натуральна, на поўнае падтрыманне могуць разлічваць толькі абраныя.

«Лукашэнка і ягоныя, так сказаць, памочнікі – найлепшыя санаторыі і пансіянаты – даўно прыбралі да рук. І яны будуць іх падтрымліваць і фінансаваць з дзяржбюджэту. Нейкія карпаратыўныя таксама часткі, ад сілавых структураў – будуць падтрымліваць», – кажа эканаміст Леанід Заіка.

Санаторыі ж, што павіслі на балансе мясцовых уладаў, застануцца і на іхным сумленні. Паводле эканаміста – далёка не кожны такі пансіянат можа разлічваць на дзяржаўнае падтрыманне. Як і на новых гасцей. Прынамсі цягам бліжэйшага месяца.

Усевалад Шлыкаў, Ігар Кулей, «Белсат»

Глядзі таксама