Хто, акрамя Лукашэнкі, уступіўся за настаўніцу, якая пагражала вучню?


«Галаву б адкруціў шчанюку», – гэтак канфлікт паміж настаўніцай і вучнем сярэдняй школы ў Гомлі пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка. Звольненага педагога вярнулі на працу, а школьніка – выклікалі да інспектара ў праве непаўнагадовых.

Адную з настаўніц пачатковых класаў Гомельскай школы №15 ведае ўся краіна:

«Трэсну, паглядзім потым. Так! Я пайду ў турму, а табе пі***ец будзе, канец, так! (вучні смяюцца) Ой смешна… Смешна, што на могілкі панясуць за тое, што з настаўніка здзекаваўся».

9-гадовага вучня, які зрабіў падножку настаўніцы, якая несла парту, сёння выклікалі да інспектара ў справах няпоўнагадовых, а дырэктарка школы, якая звольніла настаўніцу Людмілу Іванаўну, за гэта пазбавілася працы. І ўсё пасля ўмяшання кіраўніка краіны:

«Вы што чакаеце, каб адбылося як у нас у Стоўбцах? А пачынаецца адсюль, ад здзекаў над настаўніцаю! І яшчэ на камеру здымаюць і выкладаюць у Сеціва! І гэта ў 4 класе».

Потым Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да камісіяў:

«Абсікаліся, што ў іх у сацсетках размясцілі, а, абсікаўшыся, узялі пакаралі гэтую няшчасную настаўніцу. Ды я на месцы гэтай настаўніцы галаву б адкруціў шчанюку нейкаму».

Нязгодныя з «прэзідэнцкім пачуццём справядлівасці» бацькі малодшакласнікаў збіраюць подпісы пад петыцыяй у Адміністрацыю Лукашэнкі з просьбаю вярнуць дырэктарку на працу. Зінаіда Сцяпанцова, маці вучняў школы №15 Гомля:

«Дырэктарка была тут. Праз гадзіну прыехалі ўсе службы, нашая Адміністрацыя і нават губернатар, калі не памыляюся. Мяркую, што Марына Уладзіміраўна не сама прымала рашэнне аб звальненні».

Сёння ў Гомлі актыўна абмяркоўваць канфлікт. Што настаўніца «перагнула» – мяркуе не кожны:

«Відэа не паказала таго, што было спачатку, таму, думаю, настаўнікаў трэба абараняць».

«Яна ж пэўна на пенсіі была, я чула… Можа стамілася ўжо ці што… Але тое, што звольнілі дырэктара, я, безумоўна, не згодная».

«Гэта лішняе было, што справа пайшла некуды далей. Вырашаць трэба было на мясцовым узроўні».

Адказнасць за веды – настаўніцкая, а за выхаванне – бацькоўская, казаў былы настаўнік Аляксандр Лукашэнка на пачатку новага навучальнага года:

«Бацькам скажу, калі вы будзеце пеняць на настаўнікаў і лічыць, што гэта яны маюць даць веды і выхаваць нашых дзяцей у школе, – вы памыляецеся».

Здараецца, што ў сям’і – спакой і павага, а ў школе – агульнадзяржаўная выхаваўчая сістэма, кажа псіхолаг і публіцыстка Лілія Ахрэмчык:

«Падаўленне, прымус, запалохванне… Метады кіравання (рэд: дзецьмі ў школе) у нас відавочныя. Настаўніца прадэманстравала гэта ў поўным аб’ёме. Турбуе тое, што няма іншых інструментаў».

На думку спецыялісткі, прыніжэнне, пагрозы і лаянку можна замяніць на нейтральныя механізмы ўздзеяння, як адхіленне вучня ад заняткаў, абавязанне самастойнага вывучэння тэмы ўроку.

«Настаўнікаў ва ўніверсітэтах вучаць, як выкладаць, але мала вучаць педагогіцы і псіхалогіі. Канкрэтна гэты эпізод паказаў няведанне ўзроставай псіхалогіі. Так, дзеці адчуваюць слабыя месцы і бʼюць у слабыя месцы», – тлумачыць Лілія Ахрэмчык.

Навучыцца рэагаваць і будаваць павагу можна толькі ў сістэме, якая імкнецца вырашыць праблему, а не робіць выгляд, што вырашае, кажа былы настаўнік Мікалай Новікаў:

«Справа ў тым, што перадусім дзяржава, наймальнік, не паважае настаўніка. Вельмі нізкія заробкі, колькасць вучняў павялічылася ў класе, нагрузка павялічылася, настаўнік бяспраўны».

Гомельскі школьны канфлікт, а напярэдадні – напад на настаўніцу з нажом у Менскай гімназіі №74 і падвойнае забойства ў школе ў Стоўбцах – адкрылі ў грамадстве дыскусію пра крызіс у сістэме адукацыі.

«Я ў адзін дзень звольнілася, бо зразумела, што гэтак больш не змагу вытрымліваць гэтую агрэсію, хаця я лічылася ў любімых настаўніках».

«Усе сталі вельмі хутка пра ўсё даведвацца, вось і ўся розніца, школа наўрад ці змянілася ў плане агрэсіі».

«У нашай краіне моладдзю ніхто абсалютна не займаецца», – распавядаюць жыхары Менску.

…Праблемаў дзяржава не развязвае, а за наступствы – карае шараговых працаўнікоў, як гэта прынята і ў іншых галінах.

Юлія Цяльпук belsat.eu