Хроніка пандэміі: галоўнае ў Беларусі і свеце


У Беларусі паводле звестак Міністэрства аховы здароўя хворых на каронавірусную інфекцыю больш за 51 тысячу чалавек. У спісе ахвяраў хваробы 288 жыццяў. Няўмольна расце колькасць інфікаваных таксама і ў свеце. Паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, носьбітамі віруса могуць быць нават 40 адсоткаў чалавецтва.

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, колькасць выпадкаў COVID-19 у Беларусі перакрочыла 51 тысячу. У тэмпах прыросту хворых на душу насельніцтва нашая краіна сярод еўрапейскіх лідараў.Яшчэ адзін рэкорд – за апошнія содні выпісалі больш за тысячу чалавек, упершыню з пачатку эпідэміі. Жыхары Бабруйску распавядаюць:

«Хварэюць людзі. Адна дзяўчына захварэла, бацька ейны ляжыць. У сястры свякруха захварэла, учора лягла, спачатку гаварылі пнеўманія, паклалі – вызначылі, што каронавірус».

«Мама хварэе, цяпер у бальніцы, пацверджаны Ковід. Вельмі шмат захварэлых, выбух. Анкалогію зачынілі пад інфекцыю, не хапае».

«Я сёння размаўляла з доктарам – сказаў: сітуацыя крытычная. Сядзіце дома яшчэ месяц, а там яшчэ і восенню будзе працяг».

З пачатку пандэміі каронавірусам ва ўсім свеце заразіліся больш за 7 мільёнаў 300 тысяч чалавек, ахвярамі хваробы сталі звыш 400 тысячаў. Эксперты Сусветнай арганізацыі здароўя ўпэўненыя, што носьбітамі віруса могуць быць да 41 % чалавецтва.

«Давайце засяродзімся на той працы, якую яшчэ неабходна зрабіць, бо, на жаль, гэта далёка не канец», – сказала эксперт Сусветнай арганізацыі здароўя Марыя Ван Керхоў.

У Расеі за апошнія содні ад Covid-19 памерлі 216 пацыентаў. Гэта другі паводле велічыні паказнік за час пандэміі. Пры гэтым афіцыйныя лічбы смяротнасці ад каронавіруса ў Расеі ў разы ніжэйшыя, чым у іншых краінах. Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў у інтэрвʼю CNN заявіў, што маніпуляцыяў са статыстыкай няма.

«Вы не падумалі пра тое, што сістэма аховы здароўя ў Расеі больш эфектыўная?» – адказаў Пяскоў журналісту.

Украіна для пераадолення наступстваў каронавіруса атрымае ад Міжнароднага валютнага фонду 5 мільярдаў долараў. Крэдытная праграма дапаможа краіне выйсці з эканамічнага крызісу, выкліканага пандэміяй. Два мільярды МВФ выдасць ужо цяпер, астатнюю суму перададуць чатырма траншамі.

«Асаблівасць новай праграмы ў тым, што грошы пойдуць у бюджэт Украіны, прынамсі першы транш, а не ў рэзервы Нацыянальнага банку, таму што МВФ разумее прычыны крызісу, МВФ разумее, што крызіс глыбокі, і ён сканцэнтраваны на тым, што грошай няма на выкананне праграмы барацьбы з вірусам, падтрымання медыцыны», – распавёў эканаміст Сяргей Фурса.

У Латвіі да канца месяца будуць бясплатна тэставаць на каронавірус усіх ахвотных. Тэст змогуць зрабіць нават тыя, у каго няма сімптомаў захворвання. Рэжым надзвычайнай сітуацыі, уведзены ў сувязі з пандэміяй тры месяцы таму, Латвія адмяніла. Абавязак захоўваць сацыяльную дыстанцыю і насіць маскі ў транспарце застаецца.

«Нават калі мы пакуль кантралюем COVID-19 тут, у Латвіі, хвароба ў свеце яшчэ не пераможаная. Лекаў і вакцын пакуль няма. Гэта азначае, што мы павінны пастарацца вярнуцца да нашага звычайнага паўсядзённага жыцця, наколькі гэта магчыма, але таксама і суіснаваць з COVID-19», – сказаў прэмʼер-міністр Латвіі Крышʼяніс Карыньш.

Іспанцаў таксама абавязалі насіць маскі – у памяшканнях, і нават на адкрытым паветры, калі няма магчымасці забяспечыць сацыяльную дыстанцыю. Патрабаванне застанецца ў моцы і пасля адмены надзвычайнага становішча, прызначанай на канец наступнага тыдня.

У Літве каранцін скасуюць 17 чэрвеня. Такое рашэнне было прынятае, бо з канца красавіка ў краіне фіксуецца тэндэнцыя зніжэння заражэння COVID-19. Адкрываць вонкавыя межы для падарожнікаў Еўразвяз сваім краінам-чальцам рэкамендуе з 1 ліпеня.

Анастасія Русецкая, «Белсат»