Хлор у «Дружбе» раз’еў сяброўства. Расея настойвае на паглыбленні інтэграцыі


«Няпростыя тэмы і стратэгічныя пытанні» вырашалі прэм’еры Беларусі і Расеі ў Маскве. Але канчаткова не вырашылі нічога. Расея выказала гатовасць размаўляць пра кампенсацыю Беларусі за пастаўкі няякаснай нафты, але суму стратаў беларускі бок яшчэ не вылічыў, а расейскі гэтага рабіць не збіраецца.

Расея вывезе прыкладна 1 млн тонаў бруднай нафты з беларускага кавалку трубаправоду «Дружба» – паведаміла агенцтва «Reuters» са спасылкай на крыніцы ў нафтавай галіне. Якая будзе кампенсацыя за хлор у самой трубе і ў беларускіх перапрацоўчых заводах – пакуль толькі вырашаюць, да 10 чэрвеня Менск і Масква толькі выпрацуюць методыку ацэнкі шкоды.

«Трэба перш за ўсё забраць брудную расейскую нафту, кампенсаваць беларускаму боку страты, у тым ліку ачыстку трубаправода, кампенсаваць згубленую выгаду, што мы не атрымалі прыбытак», – пералічвае дзеянні Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса.

Ад забруджанай расейскай нафты пацярпелі спажыўцы не толькі ў Беларусі, але і ў іншых еўрапейскіх краінах, падключаных да «Дружбы».

«Наколькі я ведаю, Расея спрабуе прадаць гэтую нафту ў трэцюю краіну, каб там яе разбавіць, ачысціць. Прыйдзецца яе прадаваць з вялікім выдаткам і рэмантаваць пашкоджанае абсталяванне», – паведаміў «Белсату» Уладзімір Рыжкоў, расейскі апазіцыйны палітык.

Перамовы аб кампенсацыі шкоды афіцыйны Менск падмацоўвае заявамі пра закупкі нафты з Казахстану.

Аляксандр Лукашэнка спадзяецца, што Расея прапусціць казахскую нафту праз свае трубы, бо ўсё ж краіны-саюзнікі па Еўразійскім эканамічным саюзе – ЕАЭС.

«Будзе вельмі дзіўна, калі нейкая краіна, напрыклад, Расея, будзе перашкаджаць транзіту казахстанскай нафты ў Еўропу», – мяркуе Уладзімір Рыжкоў.

Але Расея раней парушала дамоўленасці пра адкрыты Еўразійскі рынак.

«Казахстан і хацеў бы пастаўляць нафту не толькі ў Беларусь, але і ў Еўразвяз, як і Азербайджан, і Туркменістан, але хто ім дасць? Усё ўпіраецца ў расейскую трубаправодную сістэму, а доступ мае выключна Крэмль і нафтавыя «бароны» Расеі», – нагадвае Яраслаў Раманчук.

Хлор у расейскай нафце раз’еў не толькі метал, але і стасункі між Масквой і Менскам.

«Узровень стасункаў сёння скрайне напружаны, і кожны бок шукае нагоду абвінаваціць іншы. Гэта была цудоўная нагода, Расея падставілася», – усміхаецца Леанід Гозман, расейскі апазіцыйны палітык.

Гэта адчуваюць і простыя беларусы. Вось што мяркуюць пра беларуска-расейскія стасункі жыхары Менску:

«Расея ў свеце апошніх падзеяў з нафтай падвяла Беларусь».

«Русь трэба паважаць!»

«Беларуссія хіба не перастроілася і не гатовая да прагматычных стасункаў».

«Саюз з Расеяй увогуле – па гісторыі паглядзець – да нічога добрага не даводзіў. Яны ж імперцы».

Але інтэграцыйныя працэсы Расеі і Беларусі застаюцца галоўнымі ў павестцы дня Крамля. Гэта паказала і сённяшняя сустрэча ў падмаскоўных Горках прэмʼер-міністраў Дзмітрыя Мядзведзева і Сяргея Румаса. Прынамсі, на ўзроўні заяваў.

«Цяпер разглядаем дадатковыя магчымасці для рэалізацыі саюзнай дамовы, найбольшага інтэграцыйнага праекту», – вітаў Румаса Дзмітрый Мядзведзеў.

«Мы атрымалі ад вас аператыўна прапановы ў далейшай інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы… На 70 % нашыя пазіцыі сходзяцца», – запэўніваў Сяргей Румас на пачатку перамоваў.

«У доўгатэрміновай перспектыве адзіны план Крамля гэта анексія Беларусі. Проста анексія і ўсё», – папярэджвае Леанід Гозман.

Прэмʼеры дамовіліся да 21 чэрвеня падрыхтаваць праграму інтэграцыйнага ўзаемадзеяння. Але больш важных вынікаў сустрэчы і перамоваў пакуль няма.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Фота: Dmitry Astakhov / Russian / Forum