«Хартыю'97» забаранілі. Як далёка пойдзе цэнзура Лукашэнкі?


Блакаванне «Хартыі-97» пачалося ў вечар серады – без судовага рашэння, без абвешчання прычынаў. Старонка перастала адчыняцца па ўсёй Беларусі. Некаторыя інтэрнэт-правайдары паведамляюць, што «Хартыя-97» – у спісе абмежаванага доступу паводле ўказу кіраўніка краіны ды пастановы Аператыўна-аналітычнага цэнтру пры Лукашэнку. Навошта ўлады гэта робяць, мы спыталі менчукоў. З трох дзясяткаў апытаных беларусаў ніхто не падтрымаў блакавання «Хартыі».

Галоўная рэдактарка парталу бачыць прычыны ў палітычнай сітуацыі

«Хартыя’97» – адзін з самых папулярных у Беларусі сайтаў-агрэгатараў, і пастаянна паведамляе пра ўсе пратэставыя настроі і акцыі.

«Эканамічная сітуацыя ў Беларусі катастрафічная, і я ўпэўненая, што Лукашэнка пра гэта добра ведае, і баіцца паўтарэння вясновых пратэстаў у большым маштабе. І пачалася зачыстка інфармацыйнага поля Беларусі», – даводзіць Наталля Радзіна.

Рэдакцыя «Хартыі» ужо некалькі гадоў як пераехала ў Варшаву

Працаваць у Беларусі стала немагчыма пасля крымінальнага пераследу, вобшукаў і канфіскацыі тэхнікі, нахабных нападаў спецназаўцаў. Спыніць працу «Хартыі» не выйшла, таму цяпер улады перашкаджаюць чытачам.

«Мы цяпер звяртаемся да нашых калегаў-журналістаў з усяго свету, звяртаемся да палітыкаў, дэпутатаў, у еўраструктуры, АБСЕ, заклікаем аказваць ціск на беларускія ўлады, і заклікаем у тым ліку да ўвядзення санкцыяў», – заявіла галоўная рэдактарка сайту.

Мінінфармацыі не патлумачыла прычынаў блакавання

Паводле закону, пад забаронай інфармацыя ад імя незарэгістраваных арганізацыяў – напрыклад, апазіцыйных, або прапаганда наркотыкаў, парнаграфіі і гвалту, або прапаганда вайны і экстрэмізму, а таксама – увага! – іншая інфармацыя, якая можа пашкодзіць нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь. А што можа пашкодзіць, вырашаюць чыноўнікі.

«Паколькі Мінінфармацыі не называе, якія артыкулы, каментары ці ілюстрацыі парушылі гэты артыкул Закона аб сродках масавай інфармацыі, рэдакцыя сайта не можа выправіць, прыбраць гэтыя артыкулы, выправіць парушэнне закону», – тлумачыць журналістка «Белсату» Святлана Калінкіна.

«Хартыю» блакуюць, каб застрашыць іншых

«Хартыюʼ97» нярэдка крытыкуюць за радыкальнасць матэрыялаў, цэнзуру каментароў ды іншыя асаблівасці. Але незалежныя журналісты заклікаюць да салідарнасці, незалежна ад асабістых поглядаў.

«Улада ніколі не спыняецца на тых, хто нам падабаецца ці не падабаецца. Калі ўлада абірае гэты шлях, то за Хартыяй могуць пайсці і ўсе астатнія незалежныя рэсурсы, бо парушэнне закону пры жаданні можна знайсці на любым сайце, у любой газеце», – пераконвае Святлана.

Каб беларусы маглі самі выбіраць, чытаць ім «Хартыюʼ97» ці не, на профілі парталу ў сацыяльных сетках апублікаваная інструкцыя абыходу блакавання.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»