Грушаўскі сквер – гістарычная зялёная зона Менску


Наш тэлеканал неаднаразова асвятляў барацьбу жыхароў Грушаўкі за мясцовы сквер. Кампанія «Датч стар» збіраецца забраць частку зялёнага скверу пад будаўніцтва шматпавярховіка.

Пасля візіту жыхароў Грушаўкі да чыноўнікаў кіраўніца Савету Рэспублікі ды ўпаўнаважаная прэзідэнта па Менску Наталля Качанава прыехала ў сквер і загадала спыніць выразанне дрэваў на час разбіральніцтва. Аднак жыхары не спыняюць сваёй актыўнасці. Сёння тут ладзяць экскурсію для ўсіх ахвотных.

«Фактычна Грушаўскі сквер – гэта пятая-шостая зялёная зона па гістарычнасці ў горадзе Менску. Бяда была ў тым, што калі гэтая тэрыторыя заняпала, калі ўсё вакол гэтай зялёнай зоны рыхтавалася да зносу, тут не было гаспадара», – кажа гісторык Іван Сацукевіч.

«Мы плануем, як і планавалі раней, звяртацца ў суд. У сераду мы ідзем на сустрэчу з мэрам гораду, каб праясніць сітуацыю з Наталляй Качанавай, якая прыязджала», – кажа мясцовы актывіст Антон.

«Галоўнае, што мы робім, – гэта звароты да начальства, якое не жадае нас чуць, мне падаецца, цягне час і нічога не робіць і жадае запаволіць нашую актыўнасць», – кажа мясцовы актывіст Дзяніс.

Частка скверу па-ранейшаму абнесеная плотам. Але будаўнічых працаў не вядзецца. У Менску ўжо ёсць паспяховы прыклад абароны скверу – Котаўка. Таму і жыхары Грушаўкі не губляюць надзеі.

Наста Кахановіч, «Белсат»