Гомельшчына: у саўгасе-камбінаце «СОЖ» ідзе масавае забойства свіней


Чарговае знішчэнне свіней адбылося ў саўгасе–камбінаце «СОЖ», што на Гомельшчыне. Што сталася прычынаю – свіная чума ці іншая небяспечная хвароба? Афіцыйнага адказу на гэтыя пытанні ўжо другі тыдзень хацелі б пачуць мясцовыя жыхары.

Толькі на першы погляд здаецца, што ў аграгарадку «Новая Гута» пануе абсалютны спакой. Мясцовасць поўніцца чуткамі, якія нікога не пакідаюць абыякавым: у саўгасе-камбінаце «СОЖ» ідзе масавае забойства свіней. Гэткія фотаздымкі на ўмовах ананімнасці даслалі нам працаўнікі саўгасу.

Жыхары аграгарадка «Новая Гута» кажуць:

«Ходзяць чуткі, што там чума. Разныя чуткі ходзяць, што там атруціліся кормам нейкім. Мы ж дакладна нічога не ведаем».

«Ёсць іншая хвароба. Неяк яна называецца – страўнік спякаецца. Але гэта не чума, проста свіная хвароба»

«Кажуць нейкая хвароба, а якая дакладна – я не ведаю».

Не вядома якая, але праблема ёсць, што пацвярджаюць некаторыя ўскосныя факты.

«Шмат каго паадпраўлялі на ўласны рахунак, шмат хто зараз дома сядзіць. Па чутках кажуць, што закрыюць комплекс. Кажуць, што ці то чума, ці то кормам кепскім пакармілі», – распавядае былы працаўнік фермы Яўген Кудрашоў.

Саўгас, які пастаўляў у мясцовую краму свініну і субпрадукты з яе, ужо тыдзень як спыніў пастаўкі.

«Гледзячы па краме – прадукцыя прапала, а па якіх прычынах – не магу сказаць», – кажа мясцовы жыхар Анатоль Мохараў.

Аб прычынах мы запыталіся ў краме:

– Дзе мяса свежае?

– На рамонце бойня.

– А даўно няма гэтага мяса?

– Тыдзень ужо! Я не буду нічога казаць.

Адказаць мы папрасілі і ідэолага саўгасу.

«На дадзены момант у нас праводзіцца санітарна-ўбойны пункт, праводзіцца рамонт. На якой падставе вашыя меркаванні – гэта толькі меркаванні», – кажа ідэолаг саўгасу «Сож» Надзея Сідарэнка.

Не было б здагадак і непакою, калі б чыноўнікі давалі афіцыйную інфармацыю. Калі ж яе няма ўжо другі тыдзень, то ўяўляецца – найгоршае.

Часты дзяржаўны спосаб ліквідацыі ачагоў свіной чумы – забіваць жывёлінаў і нясвоечасова або не цалкам выплачваць прыватнікам кампенсацыю. Таму жыхары «Новай Гуты» хочуць ведаць: што адбываецца ў саўгасе і да чаго ім рыхтавацца?

Вольга Старасціна, «Белсат»