Год пасля пажару ў гандлёвым цэнтры «Зімняя вішня» у Кемераве


Год таму ў гандлёвым цэнтры «Зімняя вішня» у расейскім Кемераве адбыўся пажар, які забраў жыцці 60 асобаў. Больш за палова загінулых – дзеці. Напярэдадні ў Польшчы затрымалі аднаго з саўладальнікаў гандлёвага цэнтру Вячаслава Вішнеўскага. Яго вінавацяць у дачы хабару старшыні інспекцыі будаўнічага нагляду, які «заплюшчыў вочы» на парушэнні супрацьпажарнай бяспекі.

Найстрашнейшая трагедыя ў гісторыі расейскага Кемерава. Год таму ў гандлёва-забаўляльным цэнтры «Зімняя вішня» адбыўся пажар, у якім загінулі шэсцьдзесят чалавек, 37 з іх – дзеці. Прычынаю пажару стала кароткае замыканне, а людзі загінулі, бо сістэма апавяшчэння не працавала, а эвакуацыйныя выхады былі заблакаваныя.

Паводле дзвюх з трох распачатых крымінальных справаў следства ўжо закончылася. 16 абвінавачаных – уладальнікі ды працаўнікі «Зімняй вішні», абласныя чыноўнікі, рэгіянальнае кіраўніцтва Міністэрства надзвычайных сітуацыяў і пажарнікі, якія працавалі на месцы трагедыі. Абаронцы пацярпелых не выключаюць, што колькасць фігурантаў можа яшчэ павялічыцца.

«Я вам скажу са спасылкай на пацярпелых. Калі паслухаць тых з іх, хто разбіраецца і чыталі справу – бо не ўсе ж чыталі, там вялізная колькасць матэрыялу, – то іх будзе яшчэ больш. Яны лічаць, што павінна быць яшчэ больш. Яны наўпрост называюць прозвішчы», – распавядае Аляксандр Балян, абаронца пацярпелых.

Адразу пасля трагедыі ўлады паабяцалі сваякам ахвяраў грашовыя кампенсацыі ды, паводле юрыстаў, сваё абяцанне выканалі. А вось тыя, каго следства лічыць вінаватымі ў пажары, пакуль не заплацілі ні капейкі. Абаронца пацярпелых Ірына Фаст кажа:

«У людзей ёсць агульная мэта, агульныя задачы, што ўсе, хто сапраўды вінаваты ў гэтай сітуацыі, мусяць быць пакараныя. Не стрэлачнікі, не выканаўцы, а сапраўдныя вінаватыя. І што тая трагедыя, якую яны перажылі, мае быць максімальна скампенсаваная, як у выглядзе крымінальнага пакарання, так і ў выглядзе матэрыяльнай адказнасці для ўсіх».

Пацярпелыя ды іхныя сваякі з журналістамі з розных прычынаў размаўляць не хочуць, затое ахвотна кантактуюць прадпрымальнікі, якія пасля пажару засталіся без бізнесу і з вялізнымі даўгамі. У Алесі Чупрынінай, што адна гадуе дваіх дзяцей, згарэла атэлье разам з гатовымі замовамі, тканінай і абсталяваннем. Цяпер прадпрымальніца працуе ўдома.

«Працаўнікі не пацярпелі, але кліенты… Я засталася вінная вялікую суму за замовы, бо стратаў, менавіта замоваў было на 500 тысяч рублёў. Частку грошай за замовы я аддала, а частку засталася вінная. На сённяшні дзень хтосьці патрабуе, хтосьці не патрабуе», – прадпрымальніца Алеся Чупрыніна.

Пасля трагедыі па Кемераве і па ўсёй Расеі прайшла хваля правяранняў пажарнай бяспекі. Губернатар Аман Тулееў, які кіраваў вобласцю каля дваццаці гадоў, сышоў з пасады. Ягоныя паводзіны падчас і пасля трагедыі выклікалі шмат нараканняў у людзей. Ужо на наступны дзень пасля стыхійнага шматтысячнага мітынгу галоўную плошчу гораду ачапіла паліцыя, каб акцыі не паўтараліся.

Адразу пасля пажару побач з «Зімняю вішняю» з’явіўся стыхійны народны мемарыял, людзі неслі да месца трагедыі кветкі ды цацкі. Цяпер там паставілі мемарыяльны камень, у верасні на месцы знесенага будынку мае паўстаць сквер памяці. Будаўнічыя працы ўжо пачаліся.

Раман Янчанка, Ірына Дарафейчук, belsat.eu