Гітанас Наўседа – новаабраны прэзідэнт Літвы


Літоўцы абралі новага прэзідэнта. Найбліжэйшыя 5 гадоў за замежную і часткова ўнутраную палітыку ў Літве будзе адказваць Гітанас Наўседа. Яму 55 гадоў, Наўседа – эканаміст і банкір, беспартыйны. Чаго чакаць ад новага кіраўніка Літвы яе грамадзянам і, галоўнае, беларусам?

У другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Літве перамог былы сябра ўправы Банку Літвы Гітанас Наўседа. З больш як 65 адсоткамі галасоў ён абышоў прадстаўніцу мясцовых кансерватараў Інгрыду Шыманіце. І хоць афіцыйна ні ў якую партыю Наўседа не ўваходзіць, яго звязваюць з сацыял-дэмакратычнымі коламі.

Вадзім Валавы, доктар палітычных навук:

«Ён быў эканамічным дарадцам у адным з найважнейшых літоўскіх банкаў – SEB, таму і заслужыў сабе такі пэўны аўтарытэт як незалежны аб’ектыўны спецыяліст, у першую чаргу, у сацыяльна-эканамічных пытаннях. І так, ён быў звязаны з былым прэзідэнтам Літвы Валдасам Адамкусам, які таксама зʼяўляецца такім маральным аўтарытэтам у Літве».

З Адамкусам Лукашэнка сустракаўся ў Літве ў 1998 годзе. Наступны і апошні на сёння кіраўнік Беларусі наведаў краіну, да сталіцы якой з Менску можна цягніком дабрацца менш чым за тры гадзіны, амаль дзесяць гадоў таму. Магчыма, з новым прэзідэнтам палітычная супраца актывізуецца?

Гітанас Наўседа, пераможца прэзідэнцкіх выбараў у Літве:

«Я думаю, мы павінны быць і абʼектыўнымі, і добрымі суседзямі, якія часам не баяцца сказаць крытычнае слова. Мы маем патэнцыял для супрацы, і нам лепш зразумець адзін аднаго. Але гэта дакладна не значыць, што калі мы будзем бачыць рэчы, якія нам не зусім падабаюцца, ці калі мы па-іншаму ўяўляем заходнія каштоўнасці, мы пра гэта не скажам».

Апошнім часам афіцыйны Менск наракае на паўночна-заходняга суседа: маўляў, Вільня блакуе падпісанне базавай дамовы з Еўрапейскім Звязам з прычыны будаўніцтва Астравецкай АЭС. На меркаванне палітолага Валера Карбалевіча, у найбліжэйшы час гэтая пазіцыя наўрад ці зменіцца.

Валер Карбалевіч, палітолаг:

«Ён казаў, што не супраць сустракацца і ўрэгуляваць адносіны. З іншага боку, ён пацвярджаў, што пытанне Астравецкай атамнай станцыі будзе вельмі важным… Будуць два трэнды, два кейсы. Адзін – палітычны, гэта канфлікт з нагоды Астравецкай АЭС. А з другога боку – гэта эканамічнае супрацоўніцтва, якое будзе працягвацца, як і раней».

Наўседа – у палітыцы чалавек новы, таму не павінен праводзіць нейкіх хуткіх радыкальных зменаў, таксама шукаючы кампрамісу з Сеймам, лічаць адмыслоўцы. Вадзім Валавы, доктар палітычных навук:

«Знешняя палітыка, напэўна, застанецца падобнай, таму што ў прынцыпе знешняя палітыка ў Літве зʼяўляецца дастаткова інерцыйнай. І ўнесці ў яе нейкія карэнныя змены было б дастаткова цяжка. Ва ўнутранай палітыцы ён пазіцыянуе сябе як прыхільніка дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту».

Пра ўсеагульны дабрабыт на словах дбае і кіраўнік Беларусі. Ці атрымаецца ў яго знайсці агульную мову з новым літоўскім прэзідэнтам – пабачым у хуткім часе.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu