Гісторык пра помнік княгіні Вользе ў Віцебску: Гэта недарэчнасць


Віцебскі летапіс запэўнівае – старажытны Віцебск заснаваны ў 974-м годзе кіеўскай княгіняй Вольгай, якая да хросту мела скандынаўскае імя – Хэльга. Здавалася б, цалкам слушнае жаданне ўшанаваць памяць заснавальніцы помнікам. Аднак некаторыя месцічы даволі скептычна паставіліся да ініцыятывы гарадскіх уладаў.

Толькі на добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол помніка ўлады плануюць выдаткаваць больш за Br 1 млн. Колькі ж яшчэ пойдзе на сам манумент, не паведамляюць. Папярэднія віцебскія скульптуры Альгерду, Аляксандру Неўскаму каштавалі гораду прыкладна па Br 300 тыс. Але пытанні да княгіні Вольгі не толькі эканамічныя.

Знаўцы гісторыкі сумняюцца ў прыналежнасці Вольгі да заснавання Віцебску.

«Па пісьмовых крыніцах вядома, што Вольга памерла ў 968 годзе і праз шэсць гадоў, яна не магла ўжо заснаваць Віцебск. Вось такая невялікая недарэчнасць. У савецкай гісторыі, фактычна як зараз у Рэспубліцы Беларусь, вельмі адвольна ставяцца да датаў, да гісторыі», – даводзіць археолаг і гісторык Ігар Цішкін.

Згодна з некаторымі гісторыкамі, дата – 974 год – і імя Вольгі адмыслова «падцягнулі» ў савецкія часы, каб штучна стварыць свята да 1000-годдзя.

Партыя загадала, савецкія гісторыкі выканалі

«Ніякіх адносінаў княгіня Вольга да Віцебску, яшчэ раз паўтараю, не мае і не можа мець па вызначэнню. Таму што, калі яна была хрысціянкай, згодна кіеўскім летапісам, яе проста быць тут не магло», – тлумачыць удзельнік археалагічных раскопак у Віцебску Уладзіслаў Фадзееў.

Адметна, што кожны з усталяваных раней помнікаў у Віцебску выклікаў бурныя дыскусіі ў грамадстве. Калі супраць Альгерда ў старажытным горадзе выступалі найчасцей прарасейскія арганізацыі, то ўсталяванне помніка Неўскаму раскрытыкавалі ўжо беларускія гісторыкі.

Андрусь Такінданг, «Белсат», фота: pikabu.ru