«Гэта зверства». «Здзек з магілаў». «Гэта варварства». Менчукі пра знішчэнне крыжоў у Курапатах


Семдзесят крыжоў, якія стаяць па перыметры Урочышча Курапаты на мяжы Менску, знеслі на загад Бараўлянскага спецлесгасу. Ад самае раніцы ў мемарыяле памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў дзяжурылі абаронцы Курапатаў, актывісты, праваабаронцы і прадстаўнікі медыяў – з аднаго боку ды міліцыя, КДБ, ДАІ, дзяржаўныя арганізацыі і будаўнікі – з другога.

Цяпер Вялікі пост і сярэдзіна крыжапаклоннага тыдня ў царкоўным календары. А ва Урочышчы Курапаты сёння крыжы карчавалі – праз месяц пасля прамовы галоўнага загадчыка – Аляксандра Лукашэнкі:

«Курапаты мы ў парадак прывядзем, будзьце ў гэтым упэўненыя. Хоча гэтага нехта ці не. Каб дэманстрацыі гэтай з гэтымі крыжамі па перыметры таксама не было. Ну навошта вы павыстаўлялі там гэтыя белыя крыжы? Вам што царква дазволіла гэта рабіць?»

На гэты чын дык дакладна не давала багаслаўлення ні Царква, ні Касцёл. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі ў сваёй заяве выказаў вялікае шкадаванне з нагоды зносу крыжоў:

«Гэтае месца – святое: месца памяці і малітвы. Крыжы ў Курапатах ставілі без афіцыйнага дазволу, але ўлада не забараняла гэтага рабіць. За апошнія 30 гадоў паступова з’явіўся своеасаблівы «Курапацкі пантэон» – стыхійны мемарыял, вядомы ва ўсім свеце».

У гэтым лесе і пад коламі спецтэхнікі, паводле розных ацэнак, нават да 250 тыс асобаў, расстраляных у 1937-40-ым гадах катамі НКВД. Месца мае статус гісторыка-культурніцкай каштоўнасці першай катэгорыі, але не для кіраўніка Бараўлянскага спецлясгасу, які асабіста кіраваў руйнаваннем крыжоў. Да медыяў паварочваўся спінаю і нікому не паказаў дакументы, на падставе якіх выкапалі крыжы агульным коштам у $ 5,5 тыс. Такую суму назвала кіраўніца ініцыятывы «За захаванне мемарыялу Курапаты» Ганна Шапуцька:

«Гэта народныя грошы якія збіралі па кроплі людзі, якія ахвяравалі дзеля памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. У якіх родныя забітыя і закатаваныя невядома дзе. Мы не ведаем, дзе канкрэтна. Лукашэнка дагэтуль не адкрыў архівы».

Тое, што дзяржава называе навядзеннем парадку, апытаныя Белсатам менчукі бачаць інакш:

«Гэта хуліганства, варварства нейкае. Нават артыкул адмысловы ёсць».

«Я не прыхільнік ламаць тое, што святое для народа».

«Гэта варварства, зверства».

«Здзек з магілаў, я так гэтак успрымаю».

«Гэта кашмарна папросту, вы ведаеце».

Праціўнікаў таго што мы бачым, надзвычай шмат, у Курапатах сёння аднак большасць прысутных – гэта працаўнікі будаўляных арганізацыяў, якія ўзводзяць металічную агароджу менавіта на той рысе, дзе на заклік абаронцы Курапат Змітра Дашкевіча летась усталявалі гэтыя крыжы… пад час змагання супраць адкрыцця ў святым месцы недарэчнай рэстарацыі «Паедзем-Паядзім».

«Вось што такое існы ў Беларусі лад. Вельмі сумна што праз 1,5 гадзіны пасля з’яўлення ў медыях гэтай навіны, у Курапатах журналістаў больш чым патрыётаў. Гэта ёсць паказнік нашага грамадства», – абураецца Зміцер Дашкевіч, абаронца Курапатаў.

Сябра БХД Вольга Кавалькова заклікала:

«Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя заклікае палітычныя партыі выступіць супольным фронтам, абараніць зараз Курапаты і тыя крыжы, якія былі ўсталяваныя ў мінулым годзе».

Тым часам міліцыя, якая абараняла дэлегаваныя будаўнікам Заслаўскага ПМК работы, затрымала ў Курапатах і Змітра Дашкевіча, і яшчэ каля 15 праціўнікаў знішчэння. На месца прыбыла дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў Ганна Канапацкая:

«Я хачу разабрацца і зразумець, чые правы тут парушаюцца – грамадзянаў якія маюць права на месца памяці ці тыя, хто там незаконна нешта будуе».

А ні з Міністэрствам Культуры, а ні з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, якой належыць ініцыятыва ўсталявання тут мемарыяльнага помніку, будаўнічыя працы не ўзгодненыя. Ганна Канапацкая высвятляе, у якое ведамства давядзецца скардзіцца. Ганна Шапуцька рашуча дадае:

«Мы безумоўна будзем рабіць усё магчымае ў межах нашага заканадаўства, каб вярнуць гэтыя крыжы на месца».

Няма такога году, калі б ва Урочышчы было без канфліктаў. То крыжы, то сімвалічную «лаўку Клінтана» аднак руйнавалі зазвычай цішком і ў значна меншых маштабах.

Юлія Цяльпук, belsat.eu