Гендарны перакос: у Беларусі дзяўчыны маюць больш правоў на адукацыю, чым хлопцы


Міжнародны дзень моладзі сёння мае тэмай усеагульную адукацыю. ААН зробіць агляд таго, што ўрады, моладзь і розныя арганізацыі робяць, каб адукацыя стала інструментам устойлівага развіцця да 2030 года.

Хаця ў Беларусі базавая адукацыя абавязковая для ўсіх, з вышэйшай у хлопцаў могуць быць праблемы. Паводле ААН, адукацыя мае быць справядлівай і дасяжнай для людзей у любым узросце. Але сёлета беларускія юнакі раптоўна атрымаюць перашкоду ў тым, каб стаць высакакласнымі спецыялістамі. Закон аб адтэрмінаванні ставіць адукацыю ніжэй за воінскую павіннасць.

ААН заклікае зрабіць адукацыю даступнай для ўсіх маладых людзей. Аднак у Беларусі больш інклюзіўнай ёсць хіба служба ў войску. Пачынаючы з наступнага прызыву, будзе дзеяць толькі адно адтэрмінаванне ад службы. То бок спачатку аддаў доўг Радзіме, а толькі потым працягнуў адукацыю.

Ілля Міранкоў вучыцца ў лінгвістычным універсітэце і не ведае, ці адолее цяпер наступны прыступак навучання:

«Не істотна, колькімі мовамі я валодаю, дзвюма ці трыма. Без штодзённай практыкі на выхадзе з войска я буду мець значна горшыя веды, чым на выхадзе з універсітэту».

Ці будзе ўніверсітэт зацікаўлены ў такім кандыдаце, хвалюецца малады чалавек? Працяг адукацыі на ўзроўні магістратуры або аспірантуры патрабуе куды вышэйшых пачатковых ведаў, чым на бакалаўрыяце, аднак і пасля каледжу войска моцна паўплывае на магчымасці абітурыента.

«Асоба мужчынскага полу не можа паступіць на другі ці трэці курс, а мусіць пайсці ў войска на паўтара года. Прабачце, з якімі ведамі такі чалавек пойдзе ва ўніверсітэт?» – дзівіцца Ілля.

Закон аб адтэрмінаванні так усхваляваў грамадскасць, што з’явіўся рух супраць такой змены заканадаўства. Удзельнікі супольнасці «Пратэст Бай» перакананыя, што варта перагледзець воінскую павіннасць у цэлым. Удзельнік супольнасці «Пратэст Бай» Валянцін Мілешка распавёў, што рыхтуе рух:

«Будуць адзіночныя пікеты ў жніўні. На пачатку восені пройдзе масавае мерапрыемства, калі атрымаецца яго ўзгадніць. Мы вельмі на гэта спадзяемся. Грунтуючыся на гэтым, будзем планаваць наступныя крокі».

Пры гэтым, як кажа афіцыйная статыстыка, асобам з вышэйшаю адукацыяй у Беларусі ўтрая прасцей знайсці працу, чым людзям, якія скончылі толькі школу. Але ці сапраўды сакрэт жыццёвага поспеху – у наяўнасці дыплому? Адказваюць жыхары Менску:

«Можна дабіцца поспеху і без адукацыі».

«Не. Ну а кім можна працаваць? Без адукацыі хіба што нейкім некваліфікаваным работнікам».

«Я лічу, што можна стаць паспяховым без адукацыі, калі пачаў працаваць і набірацца ведаў у галіне, што цябе цікавіць».

«Так са мной адбылося. Я працую на праекце і адразу вучуся ўсяму набходнаму».

Варта адзначыць, што новы закон робіць неканкурэнтнымі абітурыентамі менавіта хлопцаў. Ці будзе карысны такі гендарны перакос, калі хлопцы маюць разрываць сваё навучанне ў адрозненні ад дзяўчат, пакажа час.

Марыя Грыц, belsat.eu