«Geely» па льготным крэдыце. Варта купляць?


Кампанія «Белджы» заяўляе пра амбітныя планы – прадаваць у Расею аўтамабілі «Geely» беларускай зборкі дзясяткамі тысяч на год. А для беларусаў кампанія прапаноўвае ільготныя крэдыты ад расейскага «БПС-Сбербанку» на новыя красоверы «Geely-Atlas». Крэдытная лінія на асаблівых умовах выклікала станоўчыя ацэнкі экспертаў, але з планамі скарэння расейскага рынку справа больш складаная.

Калі ў Беларусі адбываецца штосьці карыснае, дзяржаўныя тэлеканалы абавязкова пакажуць кіраўніка. Навіна пра ільготныя крэдыты на аўтамабіль «Geely» не стала выключэннем – яе прадставілі як дасягненне асабіста Аляксандра Лукашэнкі.

Хаця новыя, выгодныя крэдыты – гэта дамова паміж беларуска-кітайскай кампаніяй «БелДжы» і расейскім «БПС-Сбербанкам». Банкіры прапаноўваюць грамадзянам купіць больш шыкоўны аўтамабіль – «Geely-Atlas», захоўваючы звыклы лад жыцця.

«Да трох гадоў нашыя кліенты могуць атрымаць крэдыт толькі пад стаўку 1,9 %. Гэта ўнікальная праграма. Агулам тэрмін крэдыту да 7 гадоў. Стаўка пасля ільготнага перыяду, пасля 3-х гадоў, усяго толькі стаўка рэфінансавання плюс 2,5%», – кажа намеснік старшыні кіравання «БПС-Сбербанк» Дзмітрый Барадко.

Рэдкія для беларускага рынку ўмовы крэдытавання

Тры гады менш за 2%, астатнія 4 – прыкладна 13% у залежнасці ад стаўкі рэфінансавання. «Geely-Atlas» каштуе ад 35 тысячаў рублёў з мінімальнай камплектацыяй. З такім коштам у сектары пазадарожнікаў яму трэба канкураваць з карэйскімі, нямецкімі ды іншымі машынамі, якія паспелі заваяваць давер пакупнікоў.

«Аўтамабіль новы і яму трэба будзе заваяваць аўтарытэт. Таму шмат пытанняў: наколькі ён будзе надзейны ў эксплуатацыі, наколькі будзе пераносіць нашыя складанасці з кліматам?», – кажа Сяргей Міхневіч, старшыня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі.

Эканаміст Леанід Фрыдкін мяркуе, што як для «народнага аўтамабілю» «Geely-Atlas» каштуе зашмат, а як для прэміяльнай машыны, то ёй не хапае тэхнічных магчымасцяў.

«Кіраўніцтва кампаніі не хавае, што для іх прыярытэтам з’яўляецца расейскі рынак, і планы, якія яны там ставяць, вельмі амбіцыйныя. Нават калі параўноўваць умовы крэдытавання БПС-банку і тыя, якія прапаноўваюцца на той жа «Geely-Atlas» у Расеі, складваецца ўражанне, што на беларускім рынку стаіць задача проста пазначыць свае пазіцыі», – адзначае Фрыдкін.

На чарзе красовер і седан

Планы амбітныя – сёлета ў 4-тым квартале «Белджы» паставіць у Расею 2,5 тысячы аўтамабіляў. Гэта калі Масква не захоча абараніць сваіх вытворцаў і не падніме штучныя барʼеры, як у мяса-малочным сектары. Таксама ў планах выпуск больш танных мадэляў – красовера і седану.

У Беларусі «Белджы» робіць націск на стварэнне сеткі продажаў і сэрвісу ды плануе падвысіць лакалізацыю – каб на заводзе пад Барысавам доля беларускіх камплектуючых была не 30%, а 50%. Каб усё ішло больш гладка, кітайскія інвестары з «Geely» папрасілі змяніць гендырэктара «БелДжы», цяпер гэтыя абавязкі выконвае намеснік міністра прамысловасці Генадзій Свідзерскі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»