Геаграфія каронавірусу ў Беларусі пашыраецца


Найбольш інфікаваных COVID-19 зафіксавана ў сталіцы, у Менскай ды Віцебскай вобласцях. Новым пунктам на мапе захворванняў стаў Лунінец на Берасцейшчыне.

У Лунінцы ад каронавірусу памёр 47-гадовы міліцыянт. «Еўраопт», дзе працавала ягоная жонка, зачынены. Працаўнікоў крамы скіравалі на аналізы.

Вось што сказалі «Белсату» жыхары Лунінца:

«Я працую ў цэнтры гігіены. Там усё гэта на віду. Адразу апрацоўка, адразу экіпіроўка, выезд. Усё адразу стала вядома. Ну, і ўвогуле ў нас гарадок маленькі».

«Учора ўжо мне дачка патэлефанавала, што ў нас гэта ўсё адбылося, я заехала ў аптэку, – няма ані парацэтамолу, ані тэрмометраў. Іду зараз у гэтую аптэку – прыватную. Была ў дзяржаўнай аптэцы каля «Санты». Ні масак, нічога няма».

Чарговы асяродак каронавіруса – санаторый «Пралеска» у Ждановічах, дзе працаваў электрык, які памёр ад COVID-19 у Менскай інфекцыйнай больніцы. Вядома пра пацверджаны дыягназ яшчэ прынамсі ў трох адпачывальнікаў «Пралескі».

«У іх жа ўзялі аналізы, ну і выявілі ў кагосьці з іх ці ў абодвух мужчынаў каронавірус. Адразу ж уначы забралі медыкаў усіх, хто менавіта кантактаваў з імі, ну, і ў медсясцёр выявілі», – кажа пацыентка санаторыю Галіна Дубовік.

Сітуацыі ў «Пралесцы» адміністрацыя ўстановы не каментуе. Паводле тых, хто там адпачывае, каранціну ў санаторыі не абвяшчалі, аднак усім ахвотным прапанавалі пакінуць тэрыторыю.

«Хто жадае, можа вярнуцца. Праз тры месяцы, сказалі, могуць далечвацца. У нас два дні засталося, дык мы не будзем вяртацца», – кажа пацыентка санаторыю «Пралеска».

Затое на каранцін закрылі інтэрнат №10 Медычнага ўніверсітэту ў Менску. Навучэнцаў перавялі на дыстанцыйнае навучанне, кажуць бацькі аднаго са студэнтаў.

«Забралі дзяўчынку і кантакты першага ўзроўню выселілі, астатнія застаюцца проста на каранціне. Мы размаўляем з ім праз тэлефон, ён ужо кажа: прывязіце мне гармонь, буду пець, «сижу за решёткой в темнице сырой», – кажуць бацькі аднаго са студэнтаў.

Родныя і сябры прыносяць «пустэльнікам» інтэрнату харчы.

Вось што кажуць знаёмыя жыхароў інтэрнату №10:

«Да іх мусіў прыязджаць фургончык, сказалі, што фургончык з буфету, але прыкол у тым, што ў буфеце не прадаюцца крупы, макарона ды іншае».

«Што прынесла? Усё, што яны прасілі. Ваду, макарону, першай неабходнасці рэчы і салодзенькае».

Учора ўвечары ў Менск прыбыла дзесяць тысяч тэст-сістэмаў расейскай вытворчасці для выяўлення COVID-19. Паводле Расспажыўнагляду, гэтыя тэсты даюць вынік цягам чатырох гадзінаў.

«Расейская Федэрацыя нам аказала першы раз такую гуманітарную дапамогу, на бязвыплатнай аснове яна нам дала набораў на 500 даследаванняў. Мы з імі працавалі, добрыя наборы, добра сябе зарэкамендавалі», – кажа Алена Федаровіч, загадчыца лабараторыі дыягностыкі асабліва небяспечных інфекцыяў.

Што праўда, засцерагчы ад хваробы гэткія захады дазваляюць далёка не заўжды, сведчыць гісторыя 65-гадовага жыхара Віцебску Анатоля Высоцкага. Яшчэ ў панядзелак з тэмпературай 38 градусаў мужчына адкрыў бальнічны, а праз пяць дзён яго не стала. Станоўчы вынік тэсту на COVID-19 пасля смерці пацыента выслалі цяпер ужо ягонай удаве.

«Мы ж не ездзілі нікуды, на месцы былі. Я на работу і з работы, ну, у краму зайду. Ён таксама ў краму мог зайсці, на рынак, на лецішча – усё. А так ён удома сядзеў, пенсіянер, нікуды не выходзіў, не ездзілі нікуды», – кажа ўдава Анатоля Высоцкага.

Толькі за мінулыя содні лічба інфікаваных паводле афіцыйнае статыстыкі павялічылася на 122 асобы. Дадаліся таксама тры смяротных выпадкі. На стацыянарным лекаванні застаюцца – 502 асобы.

Юлія Лабанава, «Белсат»