Гатуем вегетарыянскі калядны боршч з Аленай Мікульчык


Калядная вячэра традыцыйна складалася з 12 страваў. І адна з іх гэта калядны боршч, які мы сёння будзем гатаваць з шэф-кухарам, гісторыкам і экспертам па славянскай і беларускай кухні Аленай Мікульчык.

Алена, раскажыце, адкуль такі рэцэпт пайшоў і як вы яго знайшлі?

– Больш за 10 год я вандрую па Беларусі ў пошуках традыцыйных рэцэптаў, а вось гэтую страву я прывезла з Гомельскай вобласці.

– Давайце гатаваць, з чаго пачнем?

– Пачнем з інгрэдыентаў. Калядная вячэра – гэта заўсёды посны стол і таму наш боршч будзе без мяса. Нам патрэбная вось гэтая спецыя, яна традыцыйная для беларусаў. Гэта молаты кмен, каландр і кроп. Гэтыя расліны ёсць амаль у кожнай бабулі. Прашу і будзем буракі націраць на буйной тарцы. Нездарма яна так і называецца: бураковая-буйная.

– У які перыяд быў папулярны гэты боршч?

– Менавіта гэты? Гэта сучасны такі варыянт, насамрэч боршч – гэта вельмі старажытная страва, яна агульнаславянская і з’явілася яна яшчэ ў паганскі перыяд.

– Яблыкі – гэта досыць такі незвычайны інгрэдыент для баршчу, як так сталася?

– Я бы не сказала, што яблыкі – незвычайны інгрэдыент для першых страваў. Увогуле для беларусаў яблыкі, садавіна і гародніна ў адзін і той жа час. Калі яблык многа, то іх усіх дадавалі ва ўсе стравы, і ў тым ліку ў боршч.

– А беларуская нацыя сапраўды вегетарыянская?

– Не зусім так, бо беларусы трымалі пасты. А калі ўзяць перыяд пастоў, іх 4 на год, дадаць яшчэ сераду і пятніцу, калі трымаліся таксама поснай ежы, атрымліваецца 192-196 дзён у годзе. Мяса елі толькі кароткі перыяд.

– Ядловец дадавалі ў ежу беларусы?

– Яшчэ як! Да мяса – гэта проста песня як смачна. А ў боршч таксама, ён будзе мець такі прыемны вытанчаны смак.

Інгрэдыенты для каляднага баршчу:

5–6 буракоў

4 бульбы

1 морква

1 цыбуля

1 яблык

1/2 лімона

10–12 ягад ядлоўца

2–3 ст. лыжкі мёду (або цукру)

1–2 ст. лыжкі воцату

1 чайная лыжка молатых кмену, кропу і каляндры

соль, перац на смак

лаўровы ліст – 3–4 шт.

3–4 зубчыкі часныку

Наста Кахановіч belsat.eu