Гарадзенцы змагаюцца за апошнюю польскамоўную школу


Адзіная ў Горадні школа з польскай мовай навучання і дваццацігадовай гісторыяй можа знікнуць. За апошнія пяць гадоў змаганне з уладамі пайшло ўжо на трэцяе кола.

«Адна спроба была зрабіць рускамоўныя класы, цяпер – перавесці пяць важных прадметаў на расейскую мову выкладання, іспыты», – скардзіцца маці навучэнца.

Нагодай для пераходу на расейскую стаў новы праект Кодэксу аб адукацыі

Змены ў Кодэксу датычаць, у прыватнасці, мовы навучання. Каб патлумачыць бацькам вучняў выгоды новаўвядзення, да іх прыязджала адмысловая дэлегацыя з Міністэрства адукацыі. Бацькі непакояцца, што польская мова і традыцыі канчаткова знікнуць са школы. Чыноўнікі ж апелююць да лепшай сацыялізацыі вучняў і магчымасці здаваць іспыты па-расейску.

«Пазіцыя міністэрства адукацыі такая, што гэта ёсць ідэалагічнае рашэнне, што гэта рашэнне на карысць дзяцей каб яны былі лепшымі грамадзянамі РБ», – распавёў Анджэй Пачобут, бацька навучэнца польскай школы.

Незалежны Саюз палякаў Беларусі збірае подпісы за захаванне навучання па-польску, каля трох тысяч асобаў ужо аддалі галасы за польскую школу.

«Лічым што да 1 траўня мы збяром каля 5 тысяч подпісаў і думаем што ўлады прыслухаюцца не толькі да просьбаў бацькоў і дзяцей але таксама і саюзу палякаў», – упэўненая кіраўніца саюзу, спадарыня Анджэліка Борыс.

Шырокамаштабны наступ на ўсе нерускамоўныя школы?

Апроч гарадзенскай школы № 36 пад пагрозай і Ваўкавыская польская школа, ды дзве школы ў Астравецкім і Воранаўскім раёнах, дзе дзеці навучаюцца па-літоўску.

Пад дыскрымінацыю ж трапляюць не толькі мовы нацыянальных меншасцяў, але і мова тытульнай нацыі, беларуская. На ёй у нашай краіне навучаюцца толькі 13 % вучняў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»