Гарадзенцы ратуюць медыкаў падчас пандэміі


Змаганне з каронавірусам у Беларусі працягваецца. Не сакрэт, што яшчэ на пачатку сакавіка, калі выявілі першыя асяродкі Ковід-19 у Беларусі, медыкам не ставала сродкаў індывідуальнай абароны. Але на дапамогу прыйшлі валанцёры.

Гарадзенскія валанцёры ж перад выходнымі паставілі рэкорд.

Гарадзенскія валанцёры далі рэкорд – зрабілі 600 пластыкавых абарончых экранаў за дзень! Такім чынам патрэба ў экранах для медыкаў Горадні перастала быць праблемай.

«Вельмі шмат у нас ужо атрымалася зрабіць. Мы зрабілі амаль 2000 абарончых экранаў, тысячы масак паставілі. Халаты, бахілы, камбінезоны, якія цяпер вырабляюцца на месцы, але, на жаль, праблема не вырашаная на сённяшні дзень, і запыты з бальніцаў паступаюць, і паступаюць, і паступаюць» – распавядае Вадзім Саранчукоў – каардынатар валанцёрсакага руху па Гарадзеншчыне.

Галоўнай працоўнай пляцоўкай для гарадзенскіх валанцёраў стаў Цэнтр гарадскога жыцця, адначасова прастора ёсць і складам, на якім нічога не залежваецца, бо гатовыя сродкі індывідуальнай абароны штодня дастаўляюцца медыкам па ўсёй вобласці.

Медык Уладзімір Пруднікаў адзначае: «Большасць сродкаў індывідуальнай абароны – яны аднаразовага выкарыстання, іх трэба пасля выкарыстання адразу ўтылізаваць, і менавіта таму расслабляцца пакуль яшчэ рана.

Валанцёры і не расслабляюцца. Штодня праз іхныя рукі праходзяць дзясяткі кілаграмаў пластыку для абарончых экранаў, метры спабонду для камбінезонаў і стосы тканіны для шыцця масак.

Валанцёры ў сваю чаргу адзначаюць: «Я паламаны, але рукі працуюць, таму замест таго каб сядзець у хаце – прыйшоў і дапамагаю ўсім». «Запрашаю, прыходзьце, дапамагайце. Гэта вельмі важна і вельмі патрэбна».

Важную ролю ў валанцёрскім руху адыгрывае дзіцячы хоспіс імя Святога Губерта, які часова пераўтварыўся ў сапраўдны кравецкі цэх для стварэння камбінезонаў са спабонду, якіх пашылі на сённяшні дзень каля сямісот штук.

«Агульная колькасць людзей, якія прыйшлі з першага дня, калі мы пачалі шыць, – ужо пераваліла за 35 чалавек. Мы не заўсёды кожны дзень выдаем гатовыя камбінезоны, ёсць пэўныя аперацыі, якія мы нарыхтоўваем, і кожныя тры дні мы выдаем ад 50 да 80 камбінезонаў» – падсумоўвае Святлана Пінчук, каардынатарка валанцёраў па шыццю камбінезонаў.

Паводле афіцыйных звестак, каронавірус у Горадні забраў толькі адно жыццё. Каб ахвяраў не стала больш – штодзённа самааддана працуюць медыкі, а бяспекай медыкаў няспынна займаюцца валанцёры.

Мікола Дзямідаў, «Белсат»

Фота вокладкі: Dmitry Morgulis / TASS / Forum