Гамяльчук абараніў мёртвых, але не абараніў сябе


У суд як на працу. Кожны дзень – і ўчора і сёння, а сёння нават двойчы, незалежны журналіст Сяргей Ляпін удзельнічаў у судовых паседжаннях. Першапрычына ўсіх судоў – журналісцкае расследаванне Сяргея пра будаўніцтва на костках. На вуліцы Сожскай у Гомлі паўстае шматпавярховік. Гэта цяпер тут пустка, а ў XVIII стагоддзі былі габрэйскія могілкі, пра што яшчэ летась Перад пачаткам будовы казалі краязнаўцы і гісторыкі.

Біць у званы пачаў і Сяргей Ляпін

Журналіст распавёў, што насуперак закону замест археолагаў зямлю пачалі капаць грэйдары забудоўніка «УКС-Дронго», які сцвярджаў, што чалавечых парэшткаў у зямлі няма.

Артыкул Сяргея Ляпіна выклікаў розгалас: габрэі з усяго свету пачалі пісаць кіраўніку Беларусі. На будову пачалі прыходзіць гомельскія габрэі.

Дзяржаўныя медыі: могілак не было!

Адзін за адным у дзяржаўных медыях пачалі з’яўляцца матэрыялы пра навабуд у маляўнічым месцы. «Косткі падкінулі», – даводзіла мясцовая прэса.

І ў гэты ж час пачалося цкаванне журналіста, які раскрыў праўду. Сяргея Ляпіна выклікалі ў Следчы камітэт, гомельскія праўладныя выданні прысвячалі яму цэлыя палосы і называлі правакатарам, забудоўнік жа падаў на Ляпіна ў Эканамічны суд Гомля. Але сёння на першым паседжанні сам прапанаваў пайсці на міравое пагадненне.

Цягам тыдня бакі будуць весці перамовы, журналіст і ўладальнік сайту «gomel.today», дзе друкаваўся Ляпін, хочуць, каб забудоўнік дзеяў згодна з законам, апошні ж, відавочна, не хоча антырэкламы.

Пройгрышам скончыўся іншы працэс

Суд не задаволіў пазову Ляпіна супраць газеты «Гомельская праўда», якая, стаўшы на бок забудоўніка, называла журналіста тролем, канапным адмыслоўцам і маніпулятарам грамадскай думкай. Суддзя прызнаў, што фармулёўкі не карэктныя, але палічыў, што дзелавой рэпутацыі не закранаюць. На наступным тыдні судовыя баталіі працягнуцца: будзе ўжо разгляд пазову «Гомельскай праўды» супраць журналіста.

Вольга Старасціна, «Белсат», фота: Pol Dip / Reuters / Forum