Гамельчукі выступілі супраць забудовы зялёнай зоны гораду


Весткі пра забудову зялёных гарадскіх зонаў ніколі не віталіся жыхарамі. Аднак і актыўных змагароў за захаванне прыроды – зазвычай ня шмат… Некалькі дзясяткаў гамельчукоў супраць забудовы дзікага ландшафту ў раёне Палацу лёгкай атлетыкі. Спрабуючы дагрукацца да гарвыканкаму, даслалі калектыўны зварот.

Пачынае дыхаць прырода, і гамельчукі аблюбоўваюць бераг мясцовага возера, першы шашлычок на грылі ўжо амаль гатовы.

«Людзям адпачываць недзе трэба. Яны ж не будуць у кватэрах адпачываць. Таму ідзем на возера з дзецьмі», – кажа жыхарка Гомля.

Гэтае месца не здарма называюць «зялёнкаю» – лёгкімі цэнтральнай часткі Гомля. Валер Сляпухін, каардынатар ініцыятыўнай групы, распавядае:

«Цэнтр з добраю зялёнаю тэрыторыяй, якая паглынае ўвесь смог. Усе выкіды СО2, можна сказаць, асядаюць тут. Тут балота, якое дадаткова выпрацоўвае кісларод і з’ядае вуглякіслы газ».

Валер Сляпухін каардынуе збор подпісаў супраць забудовы гэтага ландшафту дваццаццю пяццю шматпавярховікамі. У калектыўным звароце да гарвыканкаму процьма прычынаў на адмову ад архітэктурнага праекту: не спрыяе паляпшэнню навакольнага асяроддзя; нішчыць зялёную тэрыторыю і шматгадовыя дрэвы; цягне грошы з бюджэту, забіраючы адзіную зялёную паласу ў Чыгуначным раёне.

«Дзякуючы гэтым аазісам Гомель сёння адчувае сябе больш менш няблага ў экалагічным плане», – гаворыць мясцовы жыхар Уладзіслаў.

Пад час грамадскага абмеркавання Гомельскі гарвыканкам не паведаміў людзям, куды кіраваць заўвагі і прапановы, а дасланыя ў выканкам не рэгістравалі. Не бачылі зацікаўленыя і экспазіцыі праекту, які абмяркоўваюць, а на просьбы паказаць яе – адказу не атрымалі. Тэрміны абмеркавання абмежавалі 10 днямі. Праз гэта парушаюцца прынамсі 10 нарматыўных актаў! Абы прыбыткі забудоўнікаў і чынавенства не апынуліся важнейшымі – непакоіцца мясцовая жыхарка, спадарыня Людміла: «Проста крыўдна, што ўсё пабудаванае на камерцыі, на імгненнай выгадзе. А дзе ж клопат пра людзей?»

Крытыка мясцовых падмацаваная прапановамі: упарадкаваць там паркавую зону з захаваннем флоры і фаўны. Асцярожна пракласці дарожкі, каб там нават трусы засталіся жыць. Можна стварыць таксама велатрэк.

Аргументы лягуць на стол старшыні гарвыканкаму Пятра Кірычэнка. Пад імі дзясяткі подпісаў людзей, якія хочуць каб гэтаю вясною і ва ўсе наступныя «Зялёнка» квітнела, а на беразе возера збіралася вясёлая дзятва. Намеснік старшыні партыі «Зялёныя» Юрый Глушакоў кажа:

«У планіровачнай канцэпцыі гэтае возера застанецца. Але хутчэй за ўсё ў выніку маштабнага будаўніцтва і асушэння прылеглых балот, гэтае возера наканаванае на гібель».

Калі спатрэбіцца, за свой зялёны куточак гамельчукі будуць змагацца праз петыцыі – інтэрнэт-платформу, якая абʼядноўвае людскія намаганні.

Юлія Цяльпук, belsat.eu