Франак Вячорка на «Мова Фэсце»: Беларускае павіннае быць «сэксі»


Удзельнікі «Мова Фэсту». Фота – Ірына Арахоўская/Белсат

Ад усяго беларускага па целе павінныя ісці дрыжыкі, заявіў падчас «Мова Фэсту» журналіст Франак Вячорка. Міжнародны дзень роднае мовы ўпершыню адзначылі настолькі маштабна.

«Мова Фэст» пачаўся з выступу Віталя Гуркова. Спартовец паказаў, што беларусы – мірныя людзі, але калі што, могуць і пастаяць за сябе. Дванаццаціразовы чэмпіён свету па тайскім боксе зладзіў занятак для самых малых аматараў спорту і распавёў, што ў простым жыцці ён не канфліктны.

«Больш такіх выпадкаў, калі можна суцешыць словам, нават беларускім, любога агрэсіўна настроенага чалавека», – распавёў Гуркоў.

У «Мова Фэсце» ўдзельнічалі каля пяцідзесяці кампаніяў, арганізацыяў ды ініцыятываў. «Белсат» быў адным з галоўных партнёраў, вёў стрым і раздаваў падарункі на сваім стэндзе.

Інтэнсіўная падрыхтоўчая праца ішла і ўдзень, і ўначы, распавядае адзін з арганізатараў імпрэзы – Павел Белавус:

«Тут ты ніколі не бачыш, як усё адбываецца. Пасля глядзіш, добра ці не, а на наступны дзень думаеш: усё, больш ніколі. А потым праходзіць час і разумееш, што зноў трэба нешта рабіць».

На фэсце працаваў кніжны і адзежны кірмаш. Латарэя і фотазоны, жывая бібліятэка, фудкорт, кўэсты і, вядома ж, падарункі для ўсіх.

«Мы ў эпіцэнтры беларускага жыцця. Дзень роднай мовы «руліць», усё цудоўна», – распавёў «Белсату» пісьменнік і грамадскі дзеяч Павел Севярынец.

Сярод фестывальных зонаў у прасторы на вуліцы Кастрычніцкай быў нават дзіцячы куток з батлейкай і лялькамі.

Аксана Зыбіна, аматарка батлейкі: «Усе лялькі любімыя. Іх зрабіла мастачка Алёна Ткачова з Бярозаўкі. Усе любімыя».

Аднак не толькі глядзець, але і паўдзельнічаць маглі маленькія наведнікі.

«Будзем гуляць у традыцыйныя народныя гульні, сабралі добрую калекцыю. Спадзяемся падарыць усім добры настрой», – казала адна з кіраўнічак студыі «Варгін» Юля Халькова-Гармаза.

У праграме фэсту былі не толькі гульні, песні і танцы. На галоўнай сцэне вядомыя беларусы сабраліся, каб абмеркаваць нацыянальную ідэю.

«Усё, што мы робім беларускае, павінна быць «сэксі», каб людзі, якія гэта пабачылі, каб яны заразіліся, каб дрыжыкі пайшлі па целе. Каб іх уразіла гэта», – заявіў журналіст Франак Вячорка.

У такім фармаце фестываль праходзіць упершыню, але людзей прыйшло шмат, то можаце ўжо цяпер пазначыць у календары і наведаць «Мова Фэст» налета.

Рэпартаж Марыі Грыц глядзіце ў поўным выданні навінаў за 22 лютага