Фермер ідзе ў палітыку. Ён прыехаў на пікет трактарам


Юрый Ганцэвіч вылучаецца на выбары ў Палату прадстаўнікоў па гомельскай Чыгуначнай акрузе. Фота – «Белсат»

Фермер кажа, што вырашыў перасесці з трактару ў дэпутацкае крэсла праз несправядлівасць дзяржавы.

Такога кандыдата яшчэ не было: Юрый Ганцэвіч вылучаецца на выбары ў Палату прадстаўнікоў па гомельскай Чыгуначнай акрузе – і прыязджае на пікет трактарам.

«Кіраўнік дзяржавы паўсюль кажа і выступае па ТБ: развівайце сельскую гаспадарку, развівайце аграсядзібы. Выдае для гэтага ўказы, але яны не працуюць. То бок яны гэтымі ўказамі дураць галаву нам», – заяўляе Ганцэвіч.

Сярод прапановаў патэнцыйнага кандыдата – упарадкаванне заканадаўства, якое дало б палёгку малому бізнесу, у першую чаргу – тым, хто працуе на зямлі.

«Купі карову – няма дзе яе пасвіць. Забралі ўсе землі і перадалі калгасам», – кажа фермер.

Юрый Ганцэвіч з вёскі Пакалюбічы стаў вядомы пасля таго, як у сеціве з’явіўся ролік: на відэа фермер эмацыйна распавядае працаўніку ДАІ, што на ім зарэгістравана ажно дзевяць транспартавых сродкаў, і за кожны – трэба плаціць вялізны дарожны збор.

Глядзіце рэпартаж Віталя Бабіна ў поўным выданні навінаў за 22 верасня

На канале фермера гэты ролік праглядзелі больш за 250 тысяч чалавек. Большасць каментатараў падтрымала Юрыя, нязгоднага з гэткаю сістэмай аплаты дарожнага збору. Некаторыя прыйшлі падтрымаць фермера і сёння, ужо не віртуальна.

Вось што сказалі ў каментары «Белсату» жыхары Гомля:

«З роліку дазналіся пра ягоную пазіцыю. Грамадзянскую. Правільную, як мне падаецца».

«Чалавек працуе, добрасумленна. Значыць, трэба за яго галасаваць, падтрымліваць яго».

«Калі кандыдат незалежны, на ўладу не арыентуецца, то чаму б не?»

«Выбары ўжо даўно прайшлі ў Адміністрацыі прэзідэнта. Засталося галасаванне нікому не патрэбнае».

Мнагалюдна было і на перадвыбарчых пікетах у Берасці: падпісацца за прэтэндэнтаў на кандыдацтва, якія пратэстуюць супраць акумулятарнага заводу, збіраліся чэргі. Праўладныя пікеты такою ўвагаю выбарнікаў не карысталіся.

Віталь Бабін, «Белсат»