Ферма ці бойня? У Баранавіцкім раёне спрабуюць схаваць памор быдла


Ферма Малое Чарніхава – частка эксперыментальнай базы «Вольна». Фотаздымкі з мёртвымі ды разабранымі ў брудным памяшканні цялятамі нам даслалі ананімна працаўнікі фермы.

Нават заставацца каля гэтага памяшкання доўга немагчыма. Пах задушлівы. Усярэдзіну трапіць немагчыма, а з акна відаць скуры і тушы жывёлінаў. Паводле інфармацыі нашай крыніцы, у панядзелак на ферме ўжо былі прадстаўнікі пракуратары, таму амаль усе трупы да нашага прыезду паспелі прыбраць, а памяшканне засыпаць хлёркай. Ляжаць засталіся гнілыя скуры. Будаўнікі, якіх мы сустрэлі, кажуць, што ёсць загад адрамантаваць будынак.

«А вы калі ехалі, вы ведалі, што тут?» – «Ну мы ведаем, што бойня. А што тут…» – «А адкуль вы ведаеце, што гэта бойня?» – «Ну, мы ж работнікі, нам кажуць, на які абʼект ехаць», – расказвае працаўнік Уладзімір.

«Тут бойня. Цяляты калі… іх сюды прывозяць, раскрыжоўваюць тут іх. Скуры здаюць, мяса здаюць»… – «А вось па фатаграфіях, якія ў мяне есць, тут і тушы падвешвалі». – «А гэта, калі раскрыжоўваюць, падвешваюць, а потым прыязджаюць забіраюць», – дзеліцца працаўнік Віталь Шэпель.

На фотаздымках тушы жывёлінаў сапраўды разбіраюць да касцей. А паводле правілаў здымаецца толькі скура, а астатняе ўтылізуюць на жывёльным могільніку. На тэрыторыі фермы косці раскіданыя паўсюль, хоць могільнік не перапоўнены. Мы папрасілі пракаментаваць сітуацыю загадчыцу фермы Валянціну Калошу.

«Я нічога казаць не буду, хто вам дазволіў здымаць?» – «Ці есць у вас бойня?» – «Няма». – «А што гэта?» – «Нічога».

Былы кіраўнік калгасу Мікалай Лысянкоў лічыць, што ў гаспадарцы спрабуюць схаваць памор быдла, які значна перавышае дапушчальную 5 адсоткаў норму.

«У дадзеным выпадку забой робіцца на гэтай пляцоўцы не таму, што трэба мяса атрымаць краіне, а таму, што скаціна не дажыла да сваёй кандыцыі. І памор, я думаю, там не 5 %, а ў разы вышэйшы», – тлумачыць Мікалай.

«Белсат» не раз распавядаў аб спробах калгасаў схаваць памор скаціны. Чаму ж даходзіць да такіх выпадкаў?

«Асноўная прычына – гэта ўтрыманне і кармленне жывёлы. Калі цяля будзе стаяць на сухой подсцілцы, своечасова пакормленае тым, чым трэба, – не гнілой саломай, а якасным кормам, – то і скону не будзе. Калгас – як бы нічыё. Калектыўнае, усеагульнае, адпаведна нічыё. Быў бы там гаспадар, ён бы падумаў, што, можа, яму не 1000 кароў трэба трымаць, а 500, якіх ён можа пракарміць», – кажа Мікалай Лысянкоў.

Паводле камітэту дзяржкантролю, сёлета памор быдла ў параўнанні з пачаткам мінулага года скараціўся на 17 адсоткаў.

Алена Дубовік, «Белсат»