Еўропа ўзгадвае пачатак крывавай вайны


Плошча Юзэфа Пілсудскага ў цэнтры Варшавы. Палітыкі і дыпламаты з сарака краінаў свету сабраліся тут у 80-ую гадавіну пачатку Другой сусветнай вайны. Дэвізам сённяшняй цырымоніі сталі словы «памяць і папярэджанне.

Падзеі 80-цігадовай даўніны гучаць папярэджаннем для Еўропы і сёння, заявіў прэзідэнт Польшчы.

«Заплюшчваць вочы на агрэсію – гэта не сродак захаваць мір. Гэта просты сродак, каб даць дазвол на новую агрэсію. Гэтак адбываецца сёння. У 2008 годзе – Грузія. У 2014 годзе – Украіна. Зноў веннапалонныя, вайсковыя правакацыі. Мы павінны быць рашучымі, […] каб ніколі не дапусціць вайсковай агрэсіі!», – адзначыў Анджэй Дуда, прэзідэнт Польшчы.

«Ніколі больш адныя народы не павінныя ўзвышаць сябе над іншымі, людзі – над іншымі людзьмі, а расы – над іншымі расамі. Ніколі больш мы не павінныя заглушаць голасу розуму. Ніколі больш нельга распальваць міжнацыянальную нянавісць і эгаізм», – сказаў Франк-Вальтэр Штайнмаер прэзідэнт Нямеччыны

«Памяць і папярэджанне» – выгравіявалі на звоне, які прэзідэнт Польшчы падорыць Велюню. На гэты горад раніцаю 1-га верасня 1939-га года ўпалі першыя нямецкія бомбы.

Вайна, якая пачалася з бамбавання гарадоў Велюнь і Тчэў ды абстрэлу вайсковай часткі на паўвостраве Вэстэрплятэ каля Гданьску, працягнецца 6 гадоў і забярэ больш за 70 мільёнаў жыццяў.

1-га верасня – дзень пачатку вайны і для беларусаў. 70 тысячаў нашых суайчыннікаў з Заходняй Беларусі, якая тады была часткаю Польшчы, адбівалі гітлераўскую агрэсію ў шэрагах Войска Польскага. Немцы бамбавалі Берасце, Горадню, Баранавічы. Наводку пілотам давала савецкае радыё з Менску.

«На ўзроўні медыйным, на ўзроўні афіцыйнага дыскурсу падзеі з 1 верасня 1939 года да 22 чэрвеня 1941 года, калі Савецкі Саюз быў фактычна саюзнікам нацысцкай Нямеччыны, пра гэты перыяд стараюцца не згадваць», – кажа Валер Карбалевіч, палітолаг.

Згадаць дату пачатку вайны кіраўніцтва Польшчы запрасіла лідараў дзяржаваў NATO, Еўразвязу і «Усходняга партнёрства». Расея ў гэтыя арганізацыі не ўваходзіць. Як кіраўнік краіны «Усходняга партнёрства» запросіны ў Варшаву атрымаў і Аляксандр Лукашэнка, але не скарыстаўся з іх. Нашую краіну на цырымоніі рэпрэзентаваў амбасадар Уладзімір Чушаў.

«Не захацеў Лукашэнка псаваць адносіны з Расеяй, таму што яго прысутнасць там побач з кіраўнікамі Захаду пры адсутнасці Пуціна выглядала б як дэмарш», – адзначае Валер Карбалевіч, палітолаг.

Не прыехаў у Варшаву і іншы прэзідэнт, візіту якога медыі надавалі асаблівую ўвагу.

Прэзідэнцкі палац у Варшаве. Тут у панядзелак пачынаюцца перамовы прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды з віцэ-прэзідэнтам ЗША Майклам Пэнсам. Замест яго ў польскай сталіцы чакалі Доналда Трампа, але за тры дні да сустрэчы прэзідэнт ЗША свой візіт скасаваў.

Візіт, ад якога прэса чакала навінаў пра магчымае размяшчэнне ў нашых заходніх суседзяў амерыканскай вайсковай базы, Доналд Трамп адмяніў, каб паехаць у Флорыду. Туды неўзабаве мае дабрацца разбуральны ўраган Дор’ян.

«Доналд Трамп уступае ў выбарчую кампанію. Ягоная адсутнасць падчас катаклізму была б дрэнна ўспрынятая амерыканскаю грамадскаю думкай. У гісторыі ЗША мы не раз бачылі сітуацыі, калі адсутнасць прэзідэнта на першай лініі айчынных падзеяў прыводзіла да паразы на выбарах», – кажа Лукаш Палінцэўш, Цэнтр міжнародных стасункаў, Варшава.

Доналд Трамп неўзабаве ўсё роўна наведае Польшчу, пераконвае кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Кшыштаф Шчэрскі. Для візіту амерыканскага кіраўніка шукаюць новую дату – або найбліжэйшую, або такую ж сімвалічную, як 1-га верасня.

Аляксандр Папко belsat.eu