Еўразвяз выдзеліў грошы на вывучэнне ў Беларусі суслікаў


Наступны матэрыял будзе цікавы школьнікам, якія любяць біялогію. Рабы суслік – нешматлікі чырванакніжны грызун Беларусі. Але дзе ён жыве? На сёння айчынным навукоўцам вядомы толькі некалькі дакладных месцаў суслікавых калоніяў. Каб мы даведаліся больш пра гэтага рэдкага звера, Еўразвяз вылучыў грошы ў межах праекту «Экаманіторынг», які рэалізуецца Праграмай развіцця ААН сумесна з Міністэрствам прыроды.

Прасторныя пашы для выгулу буйной рагатай жывёлы. Менавіта такія месцы абіраюць калоніі рабых суслікаў. Грызуны аддаюць перавагу адкрытай мясцовасці з нізкаю травой. Яны рыюць норы даўжынёй да пяці метраў. Глыбіня ж нораў можа сягаць і паўтара метра.

З пачатку лета грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» ў межах «Экаманіторынгу» вывучае чырванакніжных грызуноў. Агулам спецыялісты знайшлі 10 калоніяў па ўсёй краіне. Самая вялікая – у Нясвіжскім раёне.

«Трэба нейкі знайсці кансэнсунс, каб гэтыя гектары палёў, якія тут ёсць, выкарыстоўваліся ў гаспадарцы. Запаведнік тут не патрэбны, трэба, каб была гаспадарка, але каб і суслікі таксама існавалі», – кажа дырэктар ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі.

Паводле ацэнак навукоўцаў, з 1960 года колькасць суслікаў у Беларусі знізілася амаль на 90 адсоткаў. Бо за Саветамі іх знішчалі.

«Суслік быццам бы знішчае запасы збожжа, якое высявалася на палях. Але насамрэч гэта не так. Ён вельмі выбарачна ставяцца да злакавых. Харчуецца ён у асноўным зелянінай злакавых раслін, мятлюжок, мурожніца», – тлумачыць заолаг Сяргей Шакала.

Цяпер сыпаць у норы атруту і заліваць іх вадой забаронена заканадаўствам.

«Арытыкул 15.32 КоАП прадугледжвае за знішчэнне папуляцыі, за шкоду жывёле да 200 базавых велічыняў», – папярэджвае кіраўнік Нясвіжскай інспекцыі Мінпрыроды Юрый Грыкевіч.

Вывучэнне суслікаў – частка вялікага праекту «Экаманіторынг», фінансаванай Еўразвязам і рэалізаванай у Беларусі Праграмаю развіцця ААН супольна з Міністэрствам прыроды.

«Калі мы кажам аб мэтах устойлівага развіцця, 80 адсоткаў, што задачы ўстойлівага развіцця не будуць вырашаны, калі мы не захаваем біялагічнай разнастайнасці і здаровай экасістэмы», – кажа сталая прадстаўніца ПРААН у Беларусі Аляксандра Салаўёва.

У межах праекту адмыслоўцы плануюць знайсці як мага больш месцаў жыцця суслікаў і іншых чырванакніжных грызуноў. А таксама аформіць неабходныя дакументы для аховы віду. Праект закончыцца напрыканцы лета наступнага года.

Наста Кахановіч, «Белсат»