Эрдаган пагражае новым наступам на курдаў


Наступ Турцыі спыніўся, але вайсковая аперацыя – не. Анкара дае курдскім атрадам 5 дзён на эвакуацыю з прымежнай да Турэччыны тэрыторыі. Ці пагодзяцца яны адступіць? І хто зойме зямлю паўночнай Сірыі?

Турэцкі наступ у паўночнай Сірыі афіцыйна спыніўся, але ў наваколлях памежнага гораду Рас аль-Айн па-ранейшаму чутныя страляніна і выбухі.

Турцыя пагадзілася спыніць наступ і дазволіць курдскім атрадам эвакуявацца з прымежнай зоны. Гэта не перамір’е, а толькі прыпыненне вайсковай аперацыі, і яна можа аднавіцца, папярэдзіў сёння турэцкі прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган:

«Праблема «зоны бяспекі» будзе развязаная, калі ЗША выканаюць свае абяцанні да вечара аўторка, калі скончыцца 120-гадзінны тэрмін. Але калі гэтыя абяцанні не будуць выкананыя, то пасля заканчэння тэрміну аперацыя «Крыніца міру» адновіцца з новаю сілай!»

У тым, што курдскія сілы добраахвотна адступяць з прымежнай паласы і кровапраліцце не адновіцца, эксперты не ўпэўненыя.

«Вялося пра тэрыторыю глыбінёю 30 кіламетраў ад мяжы. Вялікае пытанне пра яе даўжыню. Эрдаган сёння сказаў, што вялося пра буферную зону даўжынёю 440 кіламетраў. Амерыканцы кажуць, што зона, якую абмяркоўвалі, значна меншая», – адзначае аглядальніца выдання «Коммерсантъ» Марыяна Беленькая.

Пра спыненне агню паміж Турцыяй і курдскімі атрадамі ў чацвер увечары абвясціў віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пэнс. У Анкары ён сустрэўся з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Эрдаганам.

«Пасля спынення агню Злучаныя Штаты не будуць уводзіць супраць Турцыі ніякіх новых санкцыяў, а калі перамірʼе будзе пастаянным, то прэзідэнт ЗША пагадзіўся зняць санкцыі, уведзеныя супраць Турцыі ў панядзелак», – заявіў Майк Пэнс.

Вядзецца пра санкцыі супраць міністэрстваў абароны і энергетыкі Турцыі, якія Злучаныя Штаты ўвялі ў адказ на аперацыю турэцкай арміі супраць атрадаў народнай самаабароны курдаў. Калі ўмовы пяцідзённага замірэння будуць выкананыя, Турцыя зможа дасягнуць мэтаў наступу без асаблівых ахвяраў.

«Турцыя і ЗША пагадзіліся, што зону бяспекі будуць кантраляваць турэцкія ўзброеныя сілы. Мы пагадзіліся, што Атрады народнай самаабароны курдаў здадуць цяжкое ўзбраенне, знішчаць свае пазіцыі ды ўмацаванні», – адзначыў міністр замежных справаў Турцыі Мэўлют Чавушаглу.

Турэцкі наступ на курдаў пачаўся пасля таго, як Доналд Трамп пастанавіў вывесці амерыканскія войскі з паўночнай Сірыі. За 8 дзён аперацыі былі забітыя да сотні мірных жыхароў, а свае дамы пакінулі больш за 160 тысячаў чалавек.

Туркі будуць наступаць, пакуль не дасягнуць тэрыторыяў, якія ўжо кантралююць армія Башара Асада і расейскія войскі, лічыць украінскі аналітык Ілія Куса:

«Турцыя з Сірыяй і Расеяй дамовяцца пра нейкае прамежкавае перамірʼе і замацуюць сферы свайго ўплыву, зоны інтарэсаў у паўночна-ўсходняй Сірыі».

Турэцкі наступ на курдаў даў магчымасць войскам Асада і Расеі прасунуцца далёка на поўнач. Расейскія сцягі сёння заўважылі ў горадзе Джарабулюс на сірыйска-турэцкай мяжы – на ўмацаваннях, якія раней утрымліваліся курдамі.

Аляксандр Папко belsat.eu