Эпідэмія: ці даюць рады медыкі?


Галоўная доктарка Стаўбцоўскага шпіталю Святлана Глебка заразілася каронавірусам, на час хваробы, якая ўжо адступіла, жанчына ізалявалася ва ўласным кабінеце. У інтэрв’ю рэсурсу mlyn.by яна паведаміла, што ў раёне, дзе зафіксаваны выбух Ковід-19, ад каронавіруснай інфекцыі памерлі 7 асобаў. Агулам жа, паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, за апошнія содні небяспечным вірусам заразіліся 911 асобаў. Аляксандр Папко падрабязней.

Чатыры новыя смерці ад каронавіруса. Цяпер у спісе ахвяраў эпідэміі 97 чалавек. Больш за 3 тысячы ўжо выздаравелі. З пачатку эпідэміі дыягназ «COVID-19» паставілі 15828 асобам.

Адна з іх – жыхарка Менску Кацярына. Паводле спадарыні, каронавірусам на пачатку красавіка яе заразілі ў 6-м шпіталі, дзе яна нарадзіла дачку.

Hавiны
Галоўная лекарка Стаўбцоўскай ЦРБ: да нас паступала па 30 чалавек з пнеўманіяй у содні
2020.05.02 16:42

«Тры-чатыры дні я сябе адчувала вельмі дрэнна. У мяне была тэмпература, я перастала адчуваць пахі, цалкам знікла адчуванне смаку. Я пазваніла, паведаміла ў паліклініку, што са мной нешта не тое. У мяне былі самыя яўныя прыкметы – прападае адчуванне паху. Рэакцыі ніякай не было», – распавядае Кацярына.

Як паведамляе Кацярына, рабіць тэсты брыгада прыехала толькі праз чатыры дні – пасля таго, як COVID-19 пацвердзілі ў медсястры з радзільнага аддзялення.

«Я кажу ім: «Вазьміце, калі ласка, аналізы ў жонкі, дачкі і ў мяне». – «Не паложана!» – «Не паложана?» – «Так, мы возьмем толькі ў жонкі!» – «Вам шкада палачкай гэтай макнуць? Вы ж бачыце, што мы ўсе ў адным кантакце!» […]. «Вам дрэнна? Вас забіраць?» – вось так кажуць», – абураецца муж Кацярыны Юры.

Hавiны
У Беларусі памерлі ад каронавіруса 97 чалавек, заразіліся – 15 828
2020.05.02 13:53

Браць аналіз на каронавірус у немаўляці ды мужа дактары ўсё ж прыехалі, але ізноў праз чатыры дні – калі захворванне пацвердзілі ў Кацярыны. У заражэнні ды павольнай рэакцыі на хваробу жанчына вінаваціць не шараговых медыкаў, а сістэму. Дактары не могуць зрабіць кроку без загаду, а чыноўнікі заяўляюць пра поўную боегатовасць.

«Перад аперацыяй мы пыталіся ў медперсаналу, як выглядае іхная апрацоўка пасля таго, як яны прыходзяць на працу, ці мераюць ім тэмпературу, ці апрацоўваюць іх, ці пераапранаюцца яны. На гэта нам адказвалі, што нічога няма! Нічога! Чалавек як прыязджаў на грамадскім транспарце, так і ішоў працаваць. Нават калі мы ляжалі ў радзільным аддзяленні, то ў паловы медыкаў нават масак не было!» – усклікае Кацярына.

Паводле звестак, сабраных журналістамі, ад каронавіруснай інфекцыі ў нашай краіне ўжо памерлі 10 медыкаў. У сераду адышоў рэнтгенолаг Любанскай раённай больніцы Леанід Савіч. Двума днямі раней не стала доктара ультрагукавой тамаграфіі Іллі Лямезы з Фаніпалю. Жыхары мястэчка скардзяцца на маўчанне ўладаў.

«Мы жывем тут, мы нічога не ведаем: колькі хворых у Фаніпалі. Вось пачулі – памёр чалавек. І ўсё на гэтым!»

«Непрыемна, што дактары сыходзяць. 51 год яму ўсяго быў!»

ВІДЭА
Ці каранцін у Беларусі ўводзіць ужо позна?
2020.05.02 09:13

«Ад дзяржавы мы нічога не чакаем. Хочаш не хочаш прыходзіцца надзяваць маску, надзяваць пальчаткі», – расказваюць фаніпальцы.

У суседнім Менску тым часам улады мантуюць трыбуны для параду на Дзень Перамогі.

«Каманда была сабраць – а далей як, ужо кіраўніцтва будзе рашэнне прымаць», – тлумачыць працаўнік дзяржпрадпрыемства «Менскрэклама»

А ці збіраюцца ісці на парад жыхары сталіцы?

«Я не пайду. Мае знаёмыя не пойдуць. Там, дзе мы працуем, ніхто не пойдзе».

«Масавае мерапрыемства – гэта вялікі збор людзей. Ёсць шанец заразіцца».

Hавiны
Каронавірус у Вушачах: у больніцы – усё кіраўніцтва райспажыўтаварыства
2020.05.01 19:58

«Калі мяне абавяжуць, то я буду вымушаная пайсці. Адмовіцца я не змагу», – кажуць менчукі.

Дзве тысячы салдатаў адрэпетуюць парад 5-га і 6-га траўня на пляцы Менскай ваеннай камендатуры. Калі будзе генеральная рэпетыцыя, пакуль не вядома.

Аляксандр Папко, «Белсат»