Эпідэмія суботніку не перашкода


Ад каронавіруса ў нас ніхто не памёр. Усе паміраюць ад хранічных хваробаў – ізноў заявіў Аляксандр Лукашэнка. Мінздароўя ж паведаміў пра чарговыя 4 смерці за суткі і 459 інфікаваных. Распаўсюд каронавіруса не запавольваецца, але ўлады Беларусі не збіраюцца адмаўляюцца ад суботнікаў і парадаў. Пра свежыя заявы Лукашэнкі і сітуацыю з эпідэміяй у краіне – Аляксандр Папко.

Фабрыка «Славянка» у Бабруйску. Раней тут шылі мужчынскія і жаночыя курткі, сёння – да двухсот тысячаў медычных масак за дзень. Як прадпрыемствы мяняюць свой профіль, каб засцерагчы грамадзянаў ад каронавіруса, прыехаў паглядзець Аляксандр Лукашэнка. Небяспекі эпідэміі ён па-ранейшаму не прызнае ды лічыць, што пандэмія – не прычына, каб адмяняць савецкі суботнік.

«А што зменіцца? Вось яны сёння працуюць, працуюць у пятніцу, а ў суботу – зробяць перапынак. Калі я прымаў гэтае рашэнне, я быў адназначна за суботнік», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, ад COVID-19 у Беларусі памерла 55 асобаў. Сярод іх не толькі слабыя людзі сталага веку. У краіне налічваецца больш за 6 тысячаў 700 заражаных. Па дапамогу Менск звярнуўся да Еўразвязу – паведаміў кіраўнік Беларусі:

«Нам вельмі моцна падставіць плячо Еўропа, асабліва міжнародныя банкі ды фонды – менавіта пад ахову здароўя. […] Мы мусім падцягнуць інфекцыёнкі. Выратавалі іх, захавалі – вы нават у рэгіёне бачыце, сёння гэта нас ратуе».

Аднак рэальная карціна далёкая ад аптымізму. На выклікі да пацыентаў з вострымі рэспіраторнымі хваробамі медыкі прыходзяць без ахоўных касцюмаў. Тэстаў не стае. Грамадскай актывістцы Вользе Лагвіновіч з Маладзечна дыягназ COVID-19 паставілі на трэці тыдзень нядужасці. На тэсты везлі ў іншы горад – за 120 кіламетраў.

«Я чула, што ў Барысаве ўжо перапоўнены шпіталь. Адтуль везлі ў Жодзіна людзей з пнеўманіяй. […] Везлі з усёй вобласці – з Чэрвеню, са Стоўбцаў быў чалавек. Я чула, як паміж сабой медперсанал казаў, што ў іх літаральна пара месцаў засталася», – кажа Вольга.

У Віцебскай вобласці ў панядзелак было 1500 заражаных. Больш толькі ў сталіцы. COVID-19 прыйшоў ня толькі ў абласныя цэнтры. У Бешанковічах з насельніцтвам усяго 6 тысячаў чалавек захварэлі ўжо 28 асобаў. На каранцін закрылі працаўнікоў санэпідэмстанцыі і двух аддзяленняў раённай больніцы. Чатыры чалавекі памерлі.

«Страшна за дзяцей. Я ўжо ва ўзросце, мне 70 гадоў, я за сябе не баюся. А вось за дзяцей страшна».

«Я не баюся! Як і Лукашэнка! Ён не баіцца, і я не баюся. 100 Грамаў не пʼю, але на трактары езджу!»

«Гэта сістэма. Ніхто вам ніколі праўды не скажа. Гэта было ў Савецкім Саюзе, гэта ёсць цяпер, гэта будзе і далей», – мяркуюць жыхары райцэнтра.

Адкласці масавыя імпрэзы, перавесці школы на дыстанцыйнае навучанне ды абмежаваць кантакты людзей з групы рызыкі рэкамендавала Менску Сусветная арганізацыя здароўя. Уводзіць гэтыя захады Аляксандр Лукашэнка адмовіўся. Тым часам, паводле сацыялагічнага «Глабальнага даследавання каронавіруса», беларусы ўзначалілі спіс нацыяў, якія лічаць антывірусную стратэгію ўладаў недастатковаю.

«Рэакцыя грамадства на дзеянні грамадства больш пазітыўная, чым рэакцыя грамадства на дзеянні ўладаў», – ацэньвае вынікі даследавання сацыёлаг Андрэй Вардамацкі.

Беларусы самі шыюць маскі, прыносяць ежу дактарам, збіраюць грошы для больніцаў. Улады на барацьбу з вірусам пакуль змабілізавалі толькі медыкаў і камунальнікаў. Тым часам COVID-19 знайшлі ў хакеіста з каманды Аляксандра Лукашэнкі.

Аляксандр Папко, «Белсат»

PAVEL MIKHEYEV / Reuters / Forum