Эпідэмія неактыўнасці: 81 % падлеткаў у свеце недастаткова рухаюцца


Цэлы дзень працаваць за камп’ютарам, дый увечары адпачыць перад серыялам ці фільмам: праблема недахопу фізічнай актыўнасці вядомая шматлікім дарослым. Сусветная арганізацыя здароўя паведамляе: у падлеткаў справа з гэтым яшчэ больш драматычная.

«Чатыры з пяці падлеткаў недастаткова актыўныя. Яны не адпавядаюць рэкамендацыям САЗ. Гэта 81 адсотак падлеткаў у свеце. Яны не атрымліваюць карысці ад фізічных нагрузак», – кажа адмыслоўца Сусветнай арганізацыі здароўя Рэгіна Гутгольд.

Глядзіце ў поўным выданні «Аб’ектыву»:

Даследаванне ладзілі цягам 15 гадоў, яно ахапіла больш за паўтара мільёна падлеткаў ва ўзросце ад 11 да 17 гадоў з амаль 150 краінаў свету. У некаторых краінах, напрыклад, у Паўднёвай Карэі, адсотак падлеткаў, якія не дбаюць пра неабходную фізічную актыўнасць, блізкі да ста. А што ў Беларусі? Адказвае кандыдат медычных навук Аляксандр Сыкала:

«Што датачыць беларусаў. На жаль, сёння нельга сказаць, што ўсе праблемы, звязаныя з сумяшчэннем рухавасці і здароўя, развязаныя. Рэч у тым, што генетычна мы з вамі меліся б сядзець на дрэве, скакаць з галіны на галіну і траціць на гэта каласальную колькасць энергіі, часам увесь дзень апроч сну. Інакш бы памерлі з голаду. Сёння з галіны на галіну скачуць толькі да трэцяга класу, і то калі яблыкаў шмат. А так у асноўным – смартфон».

Паводле стандартаў Сусветнай арганізацыі здароўя, падлетку неабходна рухацца прынамсі гадзіну на дзень: гэта можа быць любы актыўны спорт, кшталту футболу ці плавання. Гэта значна заніжае рызыкі мноства хваробаў.

Даследчыкі звяртаюць увагу, што самыя бацькі часцяком ускладняюць гэтую праблему, надаючы больш увагі поспехам у вучобе коштам актыўнага адпачынку. Аднак адмыслоўцы кажуць, што недахоп актыўнасці адбіваецца не толькі на фізічным здароўі, але і на псіхалагічным ды кагнітыўным. То бок больш актыўныя дзеці і вучацца больш паспяхова.

Ян Вярбіцкі belsat.eu