Санкцыі ЗША супраць Расеі ўдараць па Беларусі


Мільярдныя страты расейскіх бізнес-імперыяў ды рэкордны абвал на фондавых рынках – такія наступствы санкцыяў, уведзеных амерыканскім урадам. Ці прынясуць абмежаванні такія ж катастрафічныя наступствы для іншых расейскіх кампаніяў і, галоўнае для нас, – як санкцыйная вайна паміж Крамлём і Захадам адаб’ецца на эканоміцы нашай краіны?

Кампанія «Русал» набліжанага да Крамля алігарха Алега Дзерыпаскі абвесціла пра магчымы дэфолт. Акцыі расейскіх кампаніяў на Маскоўскай біржы абваліліся амаль на 10 адсоткаў, а за еўра цяпер даюць 73 рублі. Капітал 50-ці найбагацейшых расейцаў за дзень скараціўся амаль на 12 мільярдаў долараў. Гэтак рынкі адрэагавалі на ўвядзенне Злучанымі Штатамі новых санкцыяў.

Расейскі прэм’ер Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што ўрад падтрымае кампаніі, супраць якіх Захад прыняў абмежавальныя захады.

«Гэтыя рашэнні, безумоўна, непрымальныя. Мы іх лічым нелегітымнымі, і, канешне, пакідаем за сабой права на захады ў адказ, уключаючы наяўныя гандлёвыя пагадненні і працэдуры», – заявіў прэм’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў.

У мінулую пятніцу ў адказ на дэстабілізацыю сітуацыі ва Украіне, Сірыі ды ўмяшанне ў амерыканскія выбары Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць сямі буйных расейскіх бізнесоўцаў і 14-ці кампаніяў. Ёсць у санкцыйным спісе і фірмы, якія працуюць у Беларусі.

«У Беларусі прысутнічае «Газпромнефть», яна з’яўляецца саўладальнікам Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу, але супраць яе акурат санкцыі не дзейнічаюць. Тое ж самае банк ВТБ – ён крэдытуе шэраг праектаў у Беларусі, але нейкіх значных праектаў, якія маглі б істотным чынам паўплываць на эканоміку Беларусі тут няма», – кажа эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Напрыканцы 2014 года падзенне цэнаў на нафту і санкцыі, уведзеныя супраць расейскага абароннага, фінансавага і нафтаздабываючага сектараў прывялі да абвалу расейскага рубля. Гэта стала прычынаю чарговай дэвальвацыі ў Беларусі. Пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў Расеі можа зноў аслабіць беларускую валюту.

«Так, санкцыі гэтыя будуць уплываць, але не адразу, а паступова – праз падзенне курсу расейскага рубля. Мы многа імпартуем за расейскі рубель, значыць прыбыткі нашых экспарцёраў знізяцца. Мы ўвогуле туды шмат экспартуем, і калі Расея стане больш беднай, то купляць будуць менш», – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

Пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў Расеі прынясе таксама непрыемныя палітычныя наступствы для Беларусі.

«Калі супрацьстаянне паміж Расеяй і Захадам стане больш «гарачым», то Расея будзе больш патрабавальная адносна афіцыйнага Менску. Расея будзе разлічваць, што ён будзе выконваць тыя пагадненні, якія ён панападпісваў», – лічыць палітолаг Алесь Лагвінец.

Аднак ЗША не б’юць у самы балючы пункт – не забараняюць імпарту расейскай нафты. Крыніца эканамічных праблемаў Масквы хаваецца не ў пагаршэнні стасункаў з Захадам, а ў карупцыі ды тэхналагічным адставанні.

«Расейская эканоміка ўжо каторы год расце павольней за сярэднесусветныя тэмпы. Яна страчвае рынкі, страчвае тэхналогіі, усё больш і больш становіцца сыравіннай. Беларусь з-за такой арыентацыі на Расею пакутуе ад таго ж самага. Мы ўсё больш становімся сыравіннай эканомікай, мы губляем тэхналогіі, мы разлічваем толькі на расейскі рынак, бо ён адгароджаны ад астатняга свету», – падсумоўвае Станіслаў Івашкевіч.

Пасля панікі, выкліканай амерыканскімі санкцыямі, кошты акцыяў расейскіх кампаніяў могуць пайсці ўгору. Аднак значнага паляпшэння эканамічнай сітуацыі не прадбачыцца. Таму Беларусі пагражаюць не дзеянні ЗША, а агульны заняпад расейскай эканомікі. Толькі як адвязацца ад расейскага «Тытаніка», урад Беларусі прыдумаць пакуль не можа.

Аляксандр Папко; фота – Valery Sharifulin/TASS