Эксперт: Саакашвілі перамог Парашэнку


Вызваленнем Міхэіла Саакашвілі з паліцэйскага аўтамабіля скончылася спроба ўкраінскіх сілавікоў затрымаць былога прэзідэнта Грузіі, якога вінавацяць у спрыянні злачынным арганізацыям.

Працаўнікі СБУ прыйшлі з ператрусам у кватэру Саакашвілі

Але ў выніку ім давялося літаральна сцягваць яго з даху дому, з якога палітык пагражаў саскочыць.

«Сённяшняе затрыманне Саакашвілі сведчыць аб тым, што гэткай спробай Пятро Аляксеевіч Парашэнка, прэзідэнт Украіны, паказвае сваю сілу. Раней Саакашвілі сабраў даволі такі шматлікі мітынг, прайшоўся па цэнтральных вуліцах Кіева і цяпер гэта адказ Парашэнка на дзеянні Саакашвілі», – упэўнены адвакат з Кіева Віктар Смалій.

Пасля таго, як Саакашвілі ўдалося вызваліць, калона рушыла да будынку Вярхоўнай Рады, каб патрабаваць імпічменту Пятра Парашэнкі.

На плошчы Канстытуцыі ў Кіеве сабраліся тысячы прыхільнікаў.

«Па палітычных сілах на сёння адназначна выйграў Саакашвілі. Гэта яго перамога. Тое, што людзі яго адбілі ў праваахоўнікаў гэта велізарны плюс і сведчыць пра дэмакратызацыю грамадства, пра тое, што грамадства рухаецца ў правільным кірунку. Тое, што датычыцца Пятра Аляксеевіча Парашэнка – ён адназначна сёння прайграў», – даводзіць Смалій.

Украінскія ўлады сцвярджаюць, што Саакашвілі супрацоўнічаў з паплечнікамі былога прэзідэнта Віктара Януковіча і разам з імі рыхтаваў дзяржаўны пераварот. Пра гэта заявіў генпракурор Украіны Юрый Луцэнка.

Дзеля пацверджання гэтых абвінавачанняў Генпракуратура абнародавала аўдыязапіс тэлефоннай размовы. Як сцвярджаецца, ён адбыўся паміж Саакашвілі і даверанай асобай прадпрымальніка Сяргеея Курчанкі, звязаным з Віктарам Януковічам. Паводле версіі пракуратуры, на ёй палітык абмяркоўвае супрацу, накіраваную на зрынанне дзейнай улады.

Міхэіл Саакашвілі адмаўляе ўсе абвінавачанні

Палітык называе інфармацыю «фэйкам» і «нахабнаю хлуснёй».

«Яны зрабілі брудную правакацыю ў стылі ФСБ. Яны памыліліся. Украіна – не Расея. Парашэнка ніколі не стане Пуціным, таму што ўкраінскі народ вялікі і свабодалюбівы», – зазначыў Міхэіл.

На падзеі ў Кіеве ўжо адрэагавалі шмат якія краіны. Сярод іншага, амбасада ЗША ва Украіне заявіла, што сочыць за сітуацыяй, і заклікала бакі пазбягаць гвалту. А прадстаўнікі Еўразвязу выказалі надзею, што ўкраінскія ўлады не будуць парушаць асноўных правоў Саакашвілі.

Вольга Жарнасек, «Белсат», фота: Pyotr Sivkov / TASS / Forum