Эксперт пра авіякатастрофу ў Бураціі: «У нас сістэмны крызіс грамадзянскай авіяцыі»


Двое загінулых, 31 пацярпелы. Гэты самалёт памятаў яшчэ часы Леаніда Брэжнева – у паселішчы Ніжнеангарск на поўначы расейскай Бураціі разбіўся Ан-24 кампаніі «Ангара». Загінулі два чальцы экіпажу – камандзір і бортмеханік. Дзясяткі пасажыраў параненыя.

Борт ляцеў з Улан-Удэ. Над Байкалам, пры падлёце да аэрапорту, у самалёта адмовіў адзін з двух рухавікоў. Усё, што адбывалася, пасажыры здымалі на мабільныя тэлефоны. Пасля пасадкі машына выкацілася за ўзлётна-пасадачную паласу, урэзалася ў будынак ачышчальных збудаванняў і ўспыхнула.

Яўгеній Варава, Цэнтр кіравання ў крызісных сітуацыях, Бурація:

«Паводле аператыўных звестак, 46 чалавек выратаваныя. На жаль, два чальцы экіпажу загінулі».

Імаверна, борт проста не змог своечасова спыніцца – на такім тыпе самалётаў для тармажэння выкарыстоўваюць рухавікі. У гэтым выпадку працаваў толькі адзін. Машына старая – ёй было больш за 40 гадоў, аднак пакуль не зразумела, ці магло гэта прывесці да трагедыі. Тым больш, рухавікі на старых самалётах звычайна замяняюць.

Авіякампанія «Ангара» пакуль абмежавалася сухой канстатацыяй факту. Вонкава падобная катастрофа здарылася паўтара месяца таму ў Шарамецьева.

У адрозненні ад маскоўскай трагедыі, у Ніжнеангарску ўдалося эвакуяваць усіх пасажыраў. Авіяэксперт Вадзім Лукашэвіч кажа пра занадта вялікую колькасць аварыяў у расейскай авіяцыі:

«У нас сітуацыя сур’ёзная, калі глядзець аварыі – усе яны маюць розныя прычыны. Гэта сведчыць, што ў нас сістэмны крызіс у грамадзянскай авіяцыі. Гэта звязана як з абслугоўваннем самалётаў, гэтак і з навучаннем экіпажаў. Гэта паказаная сітуацыя ў Шарамецьева. Прычым там быў сталічны аэрапорт і нашая галоўная авіякампанія».

Згодна са звесткамі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі, у суадносінах палётаў і катастрофаў Расея займае не самае лепшае месца ў свеце – за 9 гадоў на адзін мільён рэйсаў прыпадае больш за дзве аварыі з ахвярамі. У ЗША, напрыклад, такі паказчык не дасягае і дзвюх дзясятых.

Ян Маравіцкі, Ян Вярбіцкі, belsat.eu