Эксперт: Былы ахоўнік Лукашэнкі стаў для яго небяспечным


Андрэй Уцюрын. Фота – vsr.mil.by

КДБ Беларусі ўсцяж не пацвярджае інфармацыі аб затрыманні былога кіраўніка Службы бяспекі Лукашэнкі Андрэя Уцюрына. Між тым расейскія СМІ са спасылкаю на беларускія спецслужбы пішуць пра шпіянаж Уцюрына на карысць Масквы. Да чаго імаверна мог быць датычны адзін з набліжаных да кіраўніка Беларусі службоўцаў? У заблытанай гульні разбіраўся Яраслаў Сцешык.

Чалавек з бліжняга атачэння Аляксандра Лукашэнкі, грамадзянін Расеі Андрэй Ўцюрын служыў у спецназе, у службе аховы Лукашэнкі, кіраваў гэтай службай, а з 2014-га стаў намеснікам дзяржсакратара Савету Бяспекі Беларусі. І вось знік – паводле беларускіх медыяў са спасылкай на ананімных чыноўнікаў, затрыманы ў красавіку, нібыта за хабар у буйным памеры. Усё, што ёсць афіцыйна – указ кіраўніка дзяржавы:

«За здзяйсненне ўчынкаў, якія дыскрэдытуюць званне вайскоўца, вызваліць палкоўніка Уцюрына Андрэя Аляксандравіча ад пасады намесніка дзяржаўнага сакратара Савету Бяспекі Рэспублікі Беларусь».

Расейскія медыі пішуць, што Лукашэнка пачаў вялікую зачыстку ва ўмовах напружання на лініі Масквы.

«Андрэя Уцюрына затрымалі за шматлікія злівы інфармацыі расейскім ФСБ і ФСА. Ён не шпіён у звычайным сэнсе, ягоныя сувязі дасталіся яму ў спадчыну з мінулага», – падаваў «Росбалт».

Як заўважае расследавальнік «InformNapalm.org» Дзяніс Івашын, Уцюрын, як ахоўнік Лукашэнкі, блізка кантактаваў з сілавікамі, якіх падазраюць у выкраданні палітычных апанентаў Лукашэнкі: міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, віцэ-прэм’ера Юрыя Ганчара ды іншых.

«Цалкам магчыма, што Ўцюрын, як супрацоўнік Службы бяспекі Лукашэнкі, валодае ўсёй паўнатой інфармацыі пра эскадроны смерці. І, магчыма, цяпер адбываецца пэўная зачыстка, каб тыя ж расейскія спецслужбы не маглі скарыстацца гэтай інфармацыяй», – кажа Івашын.

Таксама расейскія СМІ пішуць, што затрыманы гендырэктар «Белтэлекаму» – нібыта за перадачу беларускага каналу падключэння да інтэрнэту пад кантроль Масквы. Сёння міністр сувязі Беларусі Канстанцін Шульган заявіў, што не мае афіцыйнай інфармацыі, дзе кіраўнік дзяржкампаніі.

Відэарэпартаж Яраслава Сцешыка пра Андрэя Уцырына глядзіце ў поўным выданні навінаў за 2 мая:

Андрэй Уцюрын – адзін са шматлікіх расейцаў і выпускнікоў расейскіх вайсковых і спецслужбовых ВНУ, набліжаных да Лукашэнкі. Кіраўнік Беларусі пачаў атачаць сябе грамадзянамі Расеі амаль адразу пасля прысягі, узгадвае дэпутат Вярхоўнага Савету Сяргей Навумчык, аўтар кніг аб найноўшай гісторыі нашае краіны.

«Як мне казаў адзін у мінулым высокапастаўлены чалавек, для прасоўвання па службе наяўнасць у біяграфіі «беларус» гэта быў мінус, а «рускі» – плюс», – кажа Сяргей Навумчык.

Міністры і намеснікі міністраў, кіраўнікі камітэтаў і спецслужбаў з расейскімі паспартамі былі часткай плану.

«Ён хацеў замяніць на пасадзе кіраўніка Крамля Барыса Ельцына, дзеля гэтага аб’яднаць Расею і Беларусь. Гэта было б цудоўна ўспрынята расейскім грамадствам – мы бачым гэта па анексіі Крыма», – працягвае Сяргей Навумчык.

Цяпер жа расейскія СМІ ўкідваюць у інфармацыйную прастору версіі, што Ўцюрын мог рыхтаваць пераварот. Гэта могуць быць элементы інфармацыйнай вайны, адзначае эксперт.

«Вядзецца гульня на нагнятанне абстаноўкі, напружанне ў палітычных колах і сілавых структурах, і Расея выкарыстоўвае спрадвечную стратэгію «падзяляй і ўладар». Магчыма, на тое і разлічаныя гэтыя фэйкі», – дадае Івашын.

Падобную ацэнку артыкулам расейскіх медыяў дае сеткавая экспертная структура iSANS. Была падрыхтоўка перавароту ці не – Масква ўжо інфармацыйна адпрацавала магчымасць змовы на 100 %, пасеяўшы нестабільнасць у атачэнні Лукашэнкі, каб потым ёй скарыстацца.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»