Эканамісты патлумачылі, як дзейнічае алкагольная карупцыя


Крымінальныя справы супраць 7 службовых асобаў з канцэрнаў «Белдзяржхарчпрам» і «Белнафтахім», 4 – пад вартаю… Прэсавая служба ўраду паведаміла, што карупцыйныя схемы выявілі на шэрагу прадпрыемстваў. У ліку 7 звольненых – дырэктары канцэрнаў.

Намагаліся дзеяць асцярожна, але гэта не дапамагло. Пра затрыманне 7 і арышце 4 дзяржслужбоўцаў за хабар рапартаваў Камітэт дзяржбяспекі. Гаворка пра працаўнікоў прадпрыемстваў алкагольнай галіны «Менск Крышталь», Віцебскі лікёра-гарэлачны завод «Прыдзвінне», Пінскі вінаробчы завод і іншыя. А таксама «Хімрамонт» канцэрну «Белнафтахім».

Яраслаў Раманчук, навукова-даследчы цэнтр Мізэса:

«Парасонавая структура, ведаеце, якая аб’ядноўвае дзясяткі камерцыйных структур. Там ёсць канфлікт інтарэсаў, бо галаўная структура дзяржаўная, а трэба рабіць бізнес. І тое, што кажа Лукашэнка, што трэба развесці або разбудаваць гэты канцэрн у межах менавіта гэтай структуры, не было зроблена».

Паводле КДБ, заснавальнікаў фірмаў «Эталон-Маркет» і «Фінікон» падазраюць у прасоўванні інтарэсаў на пастаўку абсталявання і кампанентаў для згаданых дзяржзаводаў. Памер «узнагароджанняў» залежаў ад сумы кантрактаў: ад $ 500-17 000.

Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«Гэта карупцыя пры закупах. Закупы пробак, бутэлек. Пры ўсіх угодах КДК і раней назіраў схемы з прыкметамі карупцыі, калі закупы рабіліся праз пасярэднікаў і па завышаных коштах. У прынцыпе гэта праблема ўсёй дзяржпрамысловасці Беларусі».

Улада хоча стварыць агенцтва для дзяржзакупаў – паведамляў напярэдадні блогер NEXTA. Цяпер Указ па барацьбе з нядобрасумленным пасярэдніцтвам ляжыць на стале кіраўніка краіны, які няспынна паўтарае:

«Рабяты, лепш жабраком на волі, чым багатым у турме».

Чым больш зарабляе група кампаніяў, тым большае поле для злоўжыванняў. Гэтак «Белдзяржхарчпрам» толькі на прадукцыі алкаголю мае да $ 700 млн. штогод, кажа Станіслаў Івашкевіч. Экспартуе – на $ 150 млн.

Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«Гэта даволі істотны прыбытак, ён пакрывае выдаткі рэспубліканскага бюджэту на медычную ахову насельніцтва. Агулам угандлёўка «Белдзяржхарчпраму» гэта каля $ 2 млрд, то бок амаль 4 % ад ВУП».

На кожным прадпрыемстве, якое трапіла ў карупцыйную схему, вядзецца праца аб «супрацьдзеянні карупцыі», праводзяцца правяранні і паседжанні. Сустракаюцца нават памяткі для працаўнікоў! У верасні затрымалі былога чальца камісіі «Менск Крышталь Груп» па супрацьдзеянні карупцыі Аляксандра Жарына. Ён жа займаўся закупамі. Атрымаў згоду на звальненне старшыня канцэрну «Белдзяржхарчпрам» Аляксандр Забела і гендырэктар «Менск Крышталю» Станіслаў Іодзіс.

Яраслаў Раманчук, навукова-даследчы цэнтр Мізэса:

«Толькі праз несумленнае пасярэдніцтва да 2 млн долараў складаюць адкаты альбо заносы, то безумоўна ў гэтым удзельнічаюць усе, тым больш такі канцэрн як «Белдзяржхарчпрам», дзе супадаюць зацікаўленасці прамысловага і сельгассектару».

Асацыяцыі замест канцэрнаў, прыватызацыя замест манаполіі дзяржавы – супрацькарупцыйны рэцэпт ад Яраслава Раманчука. Парады беларусаў…

«Людзям маюць быць даступныя любая інфармацыя і сэрвісы, куды можна звярнуцца і ўсе гэтыя пытанні рэгуляваць».

«Калі мы даем, то самыя вінаватыя. Трэба каб людзі ўсвядомілі».

«Беларусі патрэбная страхавая медыцына як механізм перадухілення хабару», – гавораць жыхары Бабруйску.

Летась найбольш скандальная справа датычыла акурат карупцыі ў медычнай галіне.

Юлія Цяльпук belsat.eu

Hавiны
Карупцыйны скандал у алкагольнай галіне: 7 чалавек пойдуць пад суд
2019.10.22 14:59