Эканаміст Сяргей Чалы: «ІТ-універсітэт Лукашэнкі насамрэч будзе ІТ-вучылішчам»


Электронны ўрад пакуль не стварылі, але зробяць ІТ-універсітэт. Аляксандр Лукашэнка правёў спецнараду ў справе развіцця інфармацыйных тэхналогіяў, абурыўся тым, што не выконваюцца планы, але дадаў, што ІТ – не для ўсіх. Камусьці трэба і зямлю араць, а каму і гайкі гастрыць.

Новая ІТ-установа! Гэтым разам ВНУ. Такое рашэнне прынялі па выніках адмысловай нарады з Лукашэнкам. Яшчэ больш падрабязнасцяў раскрыў у сваім Facebook уласна прадстаўнік ІТ-супольнасці, набліжаны да кіраўніка Беларусі Віктар Пракапеня:

«Кожны беларус за кошт сродкаў Парку высокіх тэхналогіяў на 5 гадоў зможа атрымаць безадсоткавы рублёвы крэдыт на навучанне для працы ў эканоміцы ведаў. Сума дамовы папярэдне – да BR 6000. Адтэрмінаванне плацяжу на 2 гады, затым крэдыт гасіцца роўнымі далямі цягам наступных 3 гадоў».

Віктар Пракапеня нагадаў: прыбыткі Парку высокіх тэхналогіяў выраслі за апошнія 3 гады ў 2,4 разу. Сёлета чакаецца каля 2 мільярдаў долараў даходу.

«У мяне ёсць падазрэнне, што пад прыгожай назвай ІТ-універсітэту насамрэч будзе створанае ІТ-ПТВ і не для ўсяе краіны, а канкрэтна для патрэбаў кампаніяў-рэзідэнтаў ПВТ, бо ім ужо цяпер гэтых працаўнікоў не стае», – зазначае эканаміст Сяргей Чалы.

І дадае: пачаткова ПВТ ствараўся з мэтаю павышэння канкурэнтаздольнасці іншых традыцыйных галінаў гаспадаркі.

«ПВТ атрымаў ільготы, якія ён выкарыстаў для таго, каб добра было жыць ПВТ, а рэшта краіны амаль нічога, апроч гэтых высокіх заробкаў, якія трацяцца ў гэтай эканоміцы, нічога і не бачыць», – працягвае Сяргей Чалы.

Сваё незадавальненне прагрэсам інфарматызацыі выказаў сёння і кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка:

«Пакуль што ў гэтым кірунку хваліцца асабліва няма чым, хоць на V усебеларускім народным сходзе была пастаўленая задача да 2020 года стварыць паўнавартасны «электронны ўрад».

Што замінала, кіраўнік краіны не ўказаў.

«Такога адназначнага адказу па-мойму няма, чаму мы адстаём, чаму не выконваем пастановы ўсебеларускага сходу», – кажа адмысловец у ІТ-сферы Сяргей Чарнавокі.

А як грамадзяне ацэньваюць існыя электронныя паслугі ад дзяржавы? Адказваюць апытаныя намі жыхары Віцебску:

«Я не вельмі добра валодаю прыладамі ў інтэрнэце».

«Нашмат лепей, чым хадзіць у паліклініку і сядзець у чэргах».

«Перапіс онлайн я прайсці не змагла, бо мой нумар – яго няма ў базе! Вось вам і якасць паслугаў».

У Еўропе флагманам у гэтай сферы лічыцца Эстонія. 99% усіх дзяржаўных паслугаў робіцца праз інтэрнэт. А на апошніх парламенцкіх выбарах амаль палова тых, хто галасаваў, вырашыў зрабіць гэта праз сеціва.

«У Эстоніі асноўнай ідэяй камп’ютарызацыі і цыфрызацыі было пазбавіцца ад бюракратыі, прапанаваць лепшыя паслугі людзям. І паралельна трэба перабудаваць дзяржаўныя інстытуты і працэсы. Працаўладкаваным людзям трэба перавучвацца, атрымліваць новую працу як у дзяржаўным, гэтак і прыватным сектарах. Мы не маем барʼераў між гэтымі двума сектарамі», – распавяла нам Лія Хяні, якая ў 1992-1995 была міністрам Ураду Эстоніі, пасля чаго непасрэдна займалася ўвядзеннем усеагульнай электроннай сістэмы.

У выпадку ж Беларусі, паводле эканаміста Сяргея Чалага, усё застаецца на ўзроўні лозунгаў. Зрэшты, складана ўявіць электронны ўрад і выбары ў краіне, дзе рашэнні прымае адзін чалавек.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu

Фота: Vidmantas Balkunas / Anzenberger / Forum