Эканаміст: 15 % беларусаў – беспрацоўныя


Былі «сацыяльныя ўтрыманцы», цяпер – выключна «незанятыя ў эканоміцы грамадзяне». Гучыць не гэтак крыўдна, аднак, не развязвае галоўнай для беспрацоўных праблемы – вызвалення ад неабходнасці так ці іначай плаціць. Што праўда, самых «дармаедаў» паменее нібыта ўдвая. Паводле падлікаў Міністэрства працы, датычных да Дэкрэту № 1 будзе каля чвэрці мільёна.

«Гэта можа быць прыкладна 250 тыс. чалавек. Мы пра іх чамусьці не ведаем. Гэта значыць, афіцыйная статыстыка не ведае, чым яны займаюцца», – распавёў начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы, Алег Токун.

Сітуацыю з памылковымі «лістамі шчасця» абяцаюць выправіць

Для ўліку грамадзянаў, якія падпадаюць пад Дэкрэт № 1, плануецца стварыць адзіную сістэму, што аб’яднае базу зарэгістраваных беспрацоўных, звесткі з падатковых інспекцыяў і Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Адкуль жа тады бярэцца прагноз на чвэрць мільёна насельніцтва пры афіцыйным зарэгістраваным з пачатку года беспрацоўі каля 23 тыс. чалавек? Паводле Міністэрства працы, сярод іх могуць быць тыя грамадзяне, што зʼехалі за мяжу або задзейнічаныя ў ценявой эканоміцы.

«Ёсць інфляцыя, няма рэальных ведаў, наколькі павысіліся кошты, ёсць сярэдні заробак, аб чым ён кажа? Таксама ён бессэнсоўны. Гэтаксама і з беспрацоўем. Рынак працы знаходзіцца ў стане, калі згодна з экспертнымі думкамі Міжнароднага валютнага фонду, Еўразійскага фонду, больш за паўмільёна чалавек знаходзіцца ў сферы рызыкі, вось гэта – сапраўдная лічба, значыць, што сапраўдных беспрацоўных у Беларусі каля 15%», – даводзіць эканаміст Яраслаў Раманчук.

Даказаць, што не дармаед трэба зноў

Вызначаць, каго адносіць да незанятых у эканоміцы, а ў каго – складаныя жыццёвыя ўмовы, будуць гэтак жа мясцовыя камісіі. То бок грамадзянам зноў будзе патрэбна даводзіць уладам, што яны – не дармаеды?

Як адзначыў юрыст Аляксандр Жук у размове са Святланаю Калінкінай на «Белсаце», Дэкрэт № 1 супярэчыць Канстытуцыі як на падставе таго, што праца – гэта толькі права грамадзяніна, а не абавязак, гэтак і ў выпадку сплаты ў поўным памеры сацыяльных субсідыяў.

«Перавага ў тым, што адзін грамадзяне працуе, а іншы – не працуе, і дыскрымінаваць чалавека па тым прынцыпе, што ён не працуе, адпаведна – абавязваць яго плаціць штосьці па завышаным тарыфе, гэта ўсё ж – незаконна», – тлумачыць Аляксандр.

Паводле чыноўнікаў, адноўлены дэкрэт будзе спрыяць забеспячэнню занятасці ды стварэнню новых працоўных месцаў. У тым ліку – праз прадпрымальніцкую дзейнасць. Пакуль жа не зразумела, ці толькі на паперы? У 2016 годзе з рынкаў сышлі больш за 41 тыс. гандляроў, а на іх месца прыйшлі 32 тыс. Гэткі наплыў на фоне 222-га ўказу лідары прадпрымальніцкага руху патлумачылі жаданнем грамадзянаў пазбегнуць сплаты дармаедаўскага падатку.

Юлія Лабанава, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum